Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасягнуты кансэнсус у справе вывучэньня вугорскай мовы ва Ўкраіне


Міністар адукацыі і навукі Ўкраіны Лілія Грыневіч.
Міністар адукацыі і навукі Ўкраіны Лілія Грыневіч.

Украіна і Вугоршчына дамовіліся ў пытаньні вывучэньня вугорскай мовы ў рамках дзеяньня новага ўкраінскага закону аб адукацыі, які выклікаў шмат спрэчак і пярэчаньняў у краінах Усходняй Эўропы і ў Расеі.

Як паведаміла 19 кастрычніка ўкраінская міністар адукацыі і навукі Лілія Грыневіч, падчас перамоваў зь міністрам людзкіх рэсурсаў Вугоршчыны Золтанам Балогам была прынятая сумесная заява, у якой Кіеў абавязаўся забясьпечыць навучаньне прадстаўнікоў меншасьцяў на роднай мове.

Мадэль, паводле якой, у прыватнасьці, будуць навучацца дзеці ў вугорскіх школах Украіны, будзе ўзгадняцца з вугорскай меншасьцю. Пакуль сыстэма навучаньня застанецца ранейшай — да вынясеньня Вэнэцыянскай камісіяй заключэньня па моўных палажэньнях украінскага закону аб адукацыі.

Вугорскі міністар Балог, у сваю чаргу, выказаў гатоўнасьць да далейшых кансультацый.

28 верасьня ва Ўкраіне ўступіў у сілу новы закон аб адукацыі, згодна зь якім дашкольнае і пачатковае навучаньне можа ажыцьцяўляцца на мове нацыянальных меншасьцяў пры паралельным вывучэньні дзяржаўнай мовы. У сярэдняй школе дзеці будуць пачынаць навучаньне на дзяржаўнай мове, а мова нацыянальнай меншасьці будзе вывучацца як асобная дысцыпліна.

10 кастрычніка Вугоршчына выказала гатоўнасьць прасіць Эўразьвяз аказаць ціск на Кіеў з тым, каб ён захаваў ранейшы статус вугорскай мовы ў сыстэме адукацыі, паколькі новы закон — на думку Будапэшта — уціскае права ня менш 150 тысяч этнічных вугорцаў, якія жывуць пераважна ў Закарпацьці.

Незадаволенасьць новым украінскім законам выказалі таксама Румынія, Польшча і некалькі іншых краін Эўропы.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG