У анэксаваным Расеяй Крыме ўлады пяці гарадоў адхілілі заяўкі актывіста Мікалая Аляксеева на правядзеньне гей-парадаў.
Правесьці шэсьці і пікеты забаранілі ў Сімфэропалі, Керчы, Феадосіі, Джанкоі і Армянску, паведаміў актывіст на сваёй старонцы «Укантакце». Аляксееў абскарджвае адмову ўладаў у судзе.
На працягу года Аляксееў падаваў заяўкі на правядзеньне ЛГБТ-шэсьцяў у шматлікіх расейскіх гарадах. Мясцовыя ўлады не ўзгаднілі ніводнай акцыі, патлумачыўшы свае рашэньні «традыцыйнымі сямейнымі каштоўнасьцямі», імкненьнем засьцерагчы дзяцей ад «інфармацыі, якая наносіць шкоду», або зусім ня даўшы камэнтароў.
Эўрапейскі суд па правах чалавека прызнаў дыскрымінацыйным расейскі закон аб забароне прапаганды нетрадыцыйных сэксуальных адносінаў сярод непаўналетніх.
***