Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі «працуе» над новай датай візыту эўракамісара Гана


Ёганэс Ган

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык ня змог назваць Свабодзе новую дату прыезду ў Менск камісара ў эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні Эўразьвязу Ёганэса Гана.

«Новыя тэрміны пакуль ня вызначаныя. Мы працуем над гэтым», — заявіў Дзьмітры Мірончык.

Ёганэс Ган зьбіраўся наведаць з працоўным візытам Беларусь 17 кастрычніка. Аднак напярэдадні стала вядома, што прыезд эўракамісара, які меў сустрэцца і запрасіць Беларусь у Брусэль на саміт «Усходняга партнэрства», перанесены. У Эўразьвязе гэта патлумачылі «нечаканымі, але вельмі важнымі сустрэчамі для падрыхтоўкі пасяджэньня Эўрапейскай рады».

У пляне візыту сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем, прадстаўнікамі апазыцыі, праваабарончым аб’яднаньнем «Беларускі Хэльсынскі камітэт» і ўдзельнікамі праекту «МОСТ».

Прэс-сакратарка Эўразьвязу ў пытаньнях замежных справаў і палітыкі бясьпекі Мая Кацыянчыч на мінулым тыдні паведаміла, што запрашэньні для ўсіх шасьці краінаў — удзельніц «Усходняга партнэрства» (Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна) былі падпісаныя старшынёй Эўразьвязу Дональдам Тускам, кіраўніком Эўракамісіі Жанам-Клёдам Юнкерам і прэм’ер-міністрам Эстоніі, які старшынюе ў Эўразьвязе, Юрыем Ратасам. Беларусь запрошаная на саміт на такіх жа ўмовах, як і ўсе астатнія ўдзельнікі «Ўсходняга партнэрства». «Хто будзе прадстаўляць Беларусь на саміце, вырашае Менск», — дадала Качыянчыч.

Саміт у Брусэлі будзе ўжо пяты па ліку. Першы прайшоў у Празе ў 2009 годзе, другі — у Варшаве ў 2011-м, трэці — у Вільні ў 2013-м, чацьвёрты — у Рызе ў 2015 годзе.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG