Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як стваральнік беларускай Партыі аматараў піва стаў піратам у чэскай палітыцы


У чэскіх парлямэнцкіх выбарах удзельнічае адзіны беларус. Андрэй Рамашэўскі, стваральнік колішняй Партыі аматараў піва ў Беларусі, балятуецца ў чэскі парлямэнт ад Пірацкай партыі. Гэтая арганізацыя ўваходзіць у Інтэрнацыянал пірацкіх партыяў і мае сваіх прадстаўнікоў у дзяржаўных структурах Чэхіі.

У маленькай чэскай вёсцы пад Пардубіцамі, за 120 км ад Прагі, я ў нейкі момант адчула сябе як у казцы Шарля Пэро. «А чые гэта лясы?» — «Маркіза Карабаса». «А чые рэкі?» — «Маркіза Карабаса». «А чые гусі, куры, авечкі, козы?» — «Ды ўсё Карабасава».

Ня памятаю ўжо, хто ў казцы бясконца задаваў пытаньні, памятаю толькі, што вадзіў яго па палетках Кот у ботах. А мой праваднік — сам «Карабас».

Уладальнік усёй гэтай гаспадаркі, 47-гадовы беларус Андрэй Рамашэўскі, і зьнешне крыху нагадвае Карабаса, толькі зь іншай казкі. Доўгая барада, паголеная галава — выгляд нетыповы для ўсходнеэўрапейскай вёскі: асацыяцыя ў мяне хутчэй з маджахедам. І хоць я прыехала да Андрэя пагаварыць зусім не пра гэта, пытаньне пра бараду выскоквае само. А хто б утрымаўся?

Барада

А барада Андрэя — гістарычная. У 91-м ён рвануў у Вільню дапамагаць абаронцам незалежнасьці, і пасьля ўводу савецкіх войскаў і штурму тэлевежы даў слова: пакуль Літву не адпусьцяць з СССР — не галіцца.

— Гэта быў такі зарок, пачалося гэта яшчэ з тых Віленскіх падзеяў з танкамі, я далёка ня быў абыякавы да літоўскай незалежнасьці, таму сказаў: пакуль іх не адпусьцяць з СССР — ня буду галіць бараду. Пасьля іх адпусьцілі — дык вырашыў не галіць да незалежнасьці Беларусі, а потым прызвычаіўся. Больш зарокаў не даю: проста расьце — і добра, — расказвае ён.

Пры гэтым Андрэй апранае фэтравы капялюш, і «маджахед» імгненна ператвараецца ў тыповага беларуса. І, як на мяне, нават ня блізка ні ў чэха, хаця ў Чэхіі Андрэй жыве ўжо амаль 20 гадоў і мова ягоная густа перасыпаная тутэйшымі словамі.

Эўрапеец

— Як ты сам сябе ідэнтыфікуеш цяпер: беларус, чэх, эўрапеец?

— Перадусім я эўрапеец, а значыць, і беларус, і чэх.

— Што беларускага ў табе перашкаджала, а што наадварот — дапамагло інтэгравацца ў чэскае грамадзтва? Даводзілася ў некаторых сытуацыях «па кроплях выціскаць зь сябе беларуса»?

— Не, ніколі па кроплях не выціскаў. У горадзе жыцьцё трохі іншае, там тая інтэграцыя праходзіла б, можа, крыху інакш, але вялікай розьніцы паміж нашай вёскай і чэскай, я б сказаў, няма. Так што калі я пераехаў бліжэй да зямлі, гэта мне вельмі дапамагло адначасна застацца беларусам і інтэгравацца ў мясцовае грамадзтва.

— Якое самае стэрэатыпнае ўяўленьне пра Беларусь у асяродзьдзі тваіх чэскіх калег, сяброў, аднавяскоўцаў?

— Пра беларусаў ведаюць вельмі мала, таму аб стэрэатыпах цяжка размаўляць. Ёсьць тут украінцы, на якіх глядзяць, як на танную працоўную сілу, альбо віетнамцы, пра якіх кажуць, што добрыя гандляры, але беларусаў тут так мала, што нават няма стэрэатыпаў. Зразумела, успамінаюць адразу Лукашэнку. Тым, якія ня ведаюць сытуацыю добра, ён падабаецца. Але тут розьніца паміж вёскай і горадам такая самая, як на Беларусі. На вёсцы Лукашэнка — народны герой, а ў гарадох — сумнеўны дыктатар. Тлумачу ім, як гэта на самой справе. Але беларуская тэма тут ня вельмі актуальная.

Палітык

Пабытовыя гутаркі пра палітыку не наталялі прагу Андрэя па сапраўднай палітычнай «дзьвіжусе». Ня тая ў яго біяграфія і ня той імпэт. За плячыма — удзел, яшчэ ў юнацтве, у Дэмакратычным саюзе Валерыі Навадворскай, у Транснацыянальнай радыкальнай партыі, у акцыях БНФ, у шэсьцях на Курапаты, стварэньне легендарнай Партыі аматараў піва. Палітычная актыўнасьць у Беларусі чакана давяла да «Валадаркі», у 1996 — да двухгадовага прысуду, далей выпрабоўваць лёс Андрэй ня стаў і ў 1997 годзе атрымаў у Чэхіі палітычны прытулак.

— У табе ўсё жыцьцё буяў грамадзка-палітычны імпэт. Колькі прайшло часу, каб ён зноў прачнуўся тут, у Чэхіі?

— Прайшло 20 гадоў. Першыя 10 гадоў я больш удзельнічаў у беларускіх справах: у мяне не было сям’і, заставаўся вольны час, але зараз езьдзіць у Прагу і займацца там беларускай актыўнасьцю проста няма калі.

— А што цябе падштурхнула зноў вярнуцца да палітыкі?

— Ад гэтага чалавек так проста не пазбавіцца: калі аднойчы з гэтым пачнеш — ужо ня скончыш. Гэта як з паляваньнем.

Андрэй заўзяты паляўнічы і ведае, з чым параўноўвае.

Пірат

Сёлета, ужо з чэскім пашпартам, Андрэй Рамашэўскі ўдзельнічае ў парлямэнцкіх выбарах у Чэхіі ад Пірацкай партыі. Нягледзячы на несур’ёзны назоў, гэта салідная, афіцыйная структура, якая ўваходзіць у інтэрнацыянал Пірацкіх партыяў. Нічога агульнага з марскім пірацтвам: члены партыяў па ўсім сьвеце — а гэта пераважна спэцыялісты ў галіне ІТ-тэхналёгіяў — канцэнтруюцца «на пытаньнях капірайту і адстойваньні правоў і прыватнасьці чалавека ў нфармацыйным грамадзтве 21 стагодздьдзя: у сьвеце, запоўненым Інтэрнэтам». Андрэю, які 17 гадоў працуе праграмістам, гэтыя ідэі аказаліся блізкімі.

— У тваіх грамадзка-палітычных дзеях у Беларусі быў вялікі працэнт іроніі, выкліку. Пірацкая партыя — працяг гэтага жыцьцёвага пэрформансу ці ўзважанае рашэньне сталага чалавека?

— Бясспрэчна, гэта ўзважанае рашэньне. Агульнага са мной тым, ранейшым — тое, што гэта трошку партыя нетрадыцыйная: мае нетрадыцыйны назоў, мы ладзім нетрадыцыйныя акцыі, а інакш — гэта больш-менш звычайная партыя, хаця і не такая, як іншыя.

— Што ў ёй не такога, што прымусіла цябе менавіта ёй аддаць твае сымпатыі?

— Калі выбіраеш паміж чэскімі партыямі, хацелася б выключыць усе тыя, які ўдзельнічалі ў сумнеўных кааліцыях, у карупцыйных афэрах — гэтыя адразу адпадаюць, зь імі проста ня хочацца супрацоўнічаць. Што застаецца? Камуністы, нацыяналісты? Але гэта ня наш шлях. Ёсьць яшчэ «зялёныя», але яны ў маіх вачах таксама ня маюць добрай рэпутацыі. Засталіся Піраты — адзіная лібэральная партыя, якая пакуль не скампрамэтаваная ніякімі непрыгожымі справамі. Мы самая маладая партыя. За намі няма спонсараў, алігархаў — гэта за цэлую гісторыю чэскай палітычнай сыстэмы першая партыя, якая ня вырасла на нейкіх грошах.

— Ты ўсур’ёз сабраўся ў палітыку?

— Усур’ёз і надоўга.

У Чэхіі выбарцаў дзівоснымі палітычнымі стварэньнямі не зьдзівіць: некалі Яраслаў Гашэк са сваёй парадыйнай «Партыяй памяркоўнага прагрэсу ў межах законнасьці» на выбарах 1911 году набраў аж 20 галасоў. «Піраты», якія ўзьніклі ў 2009, ужо зьяўляюцца парлямэнцкай партыяй: маюць 1 сэнатара, 4 месцы ў муніцыпалітэце Прагі і нават гарадзкога старасту ў Марыянскіх Лазьнях. Чэскія Піраты — адзіныя ў сьвеце ўвайшлі ў структуру дзяржаўнага маштабу, стаўшы пераможцамі неафіцыйнага міжнароднага конкурсу на «першага пірата ў парлямэнце». Сёлета патэнцыял партыі на выбарах ацэньваюць у 12% і ня выключана, што ў сьвеце зьявіцца першы парлямэнцкі пірат-беларус.

Фэрмэр

У біяграфіі Андрэя на вэб-старонцы Пірацкай партыі тлумачыцца, што ён праграміст, «распрацоўшчык сыстэмы для муніцыпальнага радыёвяшчаньня, маніторынгу водных плыняў і папярэджаньня аб паводках». І мімаходзь дадаецца, што, маўляў, яшчэ гадуе свойскую жывёлу, птушак ды францускага бульдога. «Яшчэ?» Я гляджу на Андрэевы дом, лес, луг, хлявы і не магу зразумець, адкуль ва ўладальніка гэтай усёй гаспадаркі могуць знайсьціся час і сілы на тое, каб недзе там яшчэ «распрацоўваць сыстэму антыпаводкавага папярэджаньня».

— Апішы каротка свой дзень: як у яго ўмяшчаецца ўсё, што ты пасьпяваеш?

— Калі каротка, дык я ўстаю вельмі рана, у 6 гадзінаў, у 7:15 мы зь дзецьмі ўжо выяжджаем з дому. Развожу іх па школах, пасьля на 8-ю гадзіну іду да працы. Там да 16, пасьля зьбіраю дзяцей па Пардубіцах, вязу дадому і пачынаю другую зьмену ў гаспадарцы, і так да вечара. Трэба ўсю жыўнасьць накарміць, вычысьціць, нарыхтаваць дроваў, пратапіць, папрацаваць на будоўлі, калі ёсьць час — пасячы траву, крапіву — і ўжо вечар. Кладуся каля поўначы.

— Як адбывалася тваё пераўтварэньне ў фэрмэра і земляроба? У цябе былі нейкія задаткі, цяга да гэтага ці жыцьцё прымусіла?

— Не было ў мяне ніякіх задаткаў. Проста мы пераехалі на вёску, і так пачалося: пару гадоў жылі як і раней, куплялі яйкі і малако ў краме, пасьля ў нас зьявіліся куры, пасьля качкі, козы, авечкі — і паехала.

— Табе гэта падабаецца?

— Як сказаць... Як і ў Беларусі: я ня ведаю, падабаецца нашым людзям жыць на вёсцы ці не, але жывуць жа там.

— Вы цалкам забясьпечваеце сваю сям’ю з уласнай гаспадаркі?

— Што тычыцца мяса, малака, яек — так, але гароднінай пакуль не.

Андрэй з жонкай трымаюць авечак, коз, сьвіней, курэй, гусей. Па падворку бегаюць сабака і кот. У бліжэйшых плянах — карова. Жонка пакуль у дэкрэце, апорная фінансавая і працоўная канструкцыя сям’і — Андрэй.

Рацыяналіст

Мы тымчасам у Андрэевым лесе натрапляем на безьліч апятаў. Ён дастае нож, бярэ вядро і, працягваючы гутарку, пачынае зразаць грыбы. Пытаньне «як ты ўсё пасьпяваеш» крыху для мяне праясьняецца.

Лес — 1.5 гектара — выглядае і дзікім, і дагледжаным: побач са старымі дрэвамі Андрэй насадзіў маладыя, цурчыць рэчка, вісіць гамак, стаіць укапаны ў зямлю стол, капцільня для мяса. Лаўка над ручаём — для душы.

— І часта табе даводзіцца глядзець тут на ваду ў супакоі?

— Дзе там! Два разы на год, можа. Ня надта магу я на гэта час марнаваць, ды ня надта ён і бывае. Гляджу на дрэва насупраць і кажу сабе: «О, гэтая альха неўзабаве будзе ляжаць тут. Бо старая, прагнілая, нутрыі ў каранях жывуць, дупло тут». А пра вечнае думаць не застаецца часу.

— Навошта ты купіў сабе лес?

— Па-першае, гэта прыгожа, а па-другое — дровы, тапіць жа трэба.

Мне дарэчы ўзгадваецца, што палітычныя аналітыкі ў Чэхіі перад выбарамі параўноўваюць так званы «індэкс ірацыянальнасьці» партыяў. У «Піратаў» ён найменшы, і, як на мой погляд, гэта тлумачыць ня толькі чаму Андрэй выбраў іх, але і чаму яны выбралі Андрэя.

Сям'я

— А дзеці дапамагаюць?

— Ня надта каб добраахвотна, але так.

У Андрэя зь Люцыяй чацьвёра дзяцей. Старэйшаму Якубу — 14, а сем месяцаў таму яны з малодшымі Радаванам і Тамарай дачакаліся яшчэ аднаго браціка. Выбар імя запатрабаваў сямейнага кампрамісу. Люцыі падабалася біблейскае «Рафаэль», што ў перакладзе са старажытнагабрэйскага значыць «Бог ацаліў». Андрэя, які адносіць сябе да дзэн-будыстаў, спасылкі на сьвятую кнігу не пераканалі. Так узьнік Рафаэль Францішак Рамашэўскі, які пакуль носіць хатняе імя Рафанда.

— Што ведаюць твае дзеці з чэска-беларускай сям’і пра Беларусь?

— Ведаюць, што беларусы, Якуб там быў аднойчы, але даўно, шмат пра тое ня памятае. Яны ўсё ж тутэйшыя.

Радаван прыходзіць зь вядром і таксама сядае ля пня зьбіраць апяты. Тамара знаходзіць у лесе нейкую страшнаватага выгляду кузурыну:

— Глядзіце, які павук!

— Ты не баісься? — я грэбліва шарахаюся ад павука.

— Баіцца? Ды гэта ж яе лес! — сьмяецца Андрэй.

Беларусь

— Ты рыхтуеш сваю сям’ю да таго, што ёй, магчыма, некалі, давялося б жыць у Беларусі?

— За ўсю сям’ю не скажу. Я, хутчэй за ўсё, некалі на пэнсіі, можа, і паехаў бы ў Беларусь, але дзяцей рыхтаваць да гэтага не магу. Жонка — тая паедзе, яна б і зараз паехала.

— А ты б мог у сёньняшняй Беларусі адчуваць сябе камфортна?

— Без пытаньняў. Я б таксама зьехаў куды-небудзь на вёску, на памежжа, у лес, і выдатна б там жыў, не сумняваюся. Але ў Беларусі няма прыватнай уласнасьці на зямлю, а гаспадарыць на чужой зямлі я не лічу ўвогуле магчымым — сама гэтая ідэя мне здаецца сьмешнай: рабіць гаспадарку на чужой зямлі, калі цябе ў любы момант могуць адтуль выкінуць у залежнасьці ад палітычнай сытуацыі — гэта мне незразумела. Каб я сядзеў недзе ў лесе ціха — улада бы мной не цікавілася, хутчэй за ўсё. Але я б ціха не сядзеў (сьмяецца).

Выбары

Ціха сядзець ня надта атрымліваецца ў Андрэя і ў Чэхіі. Вось цяпер ён павінен сьпяшацца на перадвыбарчы пікет, агітаваць за Піратаў. Па дарозе пасьпявае закінуць корму сьвіньням і козам, пераапрануцца ў «цывільнае», і мы едзем у Пардубіцэ.

«Піраты» праводзяць сваю кампанію з фантазіяй. Назоў партыі дае прастору для вясёлага хуліганства: вывозяць на плошчу вялікі надзіманы пірацкі карабель, разьяжджаюць у размаляваным аўтобусе, ствараюць відэакліпы на песьні. Маладыя айцішнікі ня дбаюць пра рэспэктабельны выгляд, так што погляды мінакоў прыцягвае ня толькі барада Андрэя.

— Думаю, за ісламіста мяне не прымаюць, за 20 гадоў паліцыя мяне ніколі не спыніла, — усьміхаецца Андрэй. — Выглядаю, можа, нязвыкла, але людзі мяне не баяцца. Ёсьць у нас у партыі людзі, якія выглядаюць значна больш падазрона.

— А эпатажны выгляд — таксама частка палітычнай кампаніі?

— Не, усе мы выглядалі так і да таго, калі падаліся ў палітыку, а тое, што мы ёй заняліся — яшчэ не падстава нешта мяняць.

Сёньня надвор’е не спрыяе агітацыі: ветрана, пачынаецца халодны дождж. Людзі сьпяшаюцца пад дах, улёткі, якія раздае Андрэй, ня ўсе бяруць ахвотна:

— Раней было значна прасьцей, — узгадвае ён сваю палітычную маладосьць пачатку 90-х. — Калі мы рабілі кампаніі — тады была сытуацыя амаль рэвалюцыйная, таму можна было было прыйсьці з чым заўгодна, і людзі за намі ішлі. Ды і працавалі мы напаўлегальна — больш было адрэналіну. Раней было нашмат цікавей у палітыцы, і ня толькі мне. Сёньня гэта даволі сумна, але сёньня і большая канкурэнцыя.

Піва і ПАП

Мы ўзгадваем партыю, якая ў свой час у Беларусі была па-за канкурэнцыяй, прынамсі што тычыцца назвы.

— Як ты думаеш, патэнцыял для адраджэньня Партыі аматараў піва ў Беларусі ёсьць?

— Чаму не? Пасьля Лукашэнкі будзе такі час, калі зьмены на палітычнай сцэне будуць вельмі хуткія, дынамічныя, а гэта час, адносна якога цяжка нешта прадказваць. Думаю, 2-3 выбарчыя пэрыяды ў першыя 10 гадоў пасьля Лукашэнкі могуць быць цікавымі і там будзе мець шанцы амаль якая заўгодна партыя. Пасьля ўсё стабілізуецца, застануцца 2-3 найбуйнейшыя і ня будзе так цікава.

Партыя дзейнічала ў Беларусі з 1993 па 1996 гады і магла пахваліцца цэлым суквецьцем актыву: Лявон Вольскі, Міхал Анемпадыстаў, Севярын Квяткоўскі, Сяргей Скрыпнічэнка, Аляксандар Памідораў — хто з партбілетамі, хто «прымыкаў». Усяго ў партыю ўваходзла каля 2.5 тысячаў сябраў.

— Мэмуары не зьбіраесься пісаць?

— Усё зьбіраюся. Бывае, і пішу, але кавалкамі, у інтэрнэце, так што калі нехта пазьбірае — будуць мэмуары, але сам наўрад ці.

Эстэт

— А ты сапраўды аматар піва?

— Я. Сапраўды. Аматар. Піва, — Андрэй адказвае важка. — Толькі аматар — не прафэсіянал. Але сваіх пару паўлітраў піва практычна кожны дзень вып’ю. Ня тое, каб я сядзеў вечарамі ў піўной — на гэта элемэнтарна няма часу — але ўвечары 1-2 піва, чаму не?

Раптам я спахопліваюся, што не зрабіла здымка, безь якога расповед пра старшыню аматараў піва абсалютна немагчымы:

— Андрэй, давай купім піва, я цябе сфатаграфую!

На галоўнай плошчы Пардубіцаў у кіёсках прадаюць разьліўное піва ў плястыкавых куфлях. Але Андрэй кідае на мяне такі позірк, што я адчуваю: гэтая прапанова — мой страшэнны канфуз.

— Піва ў плястыку?! Ды ніколі!

Фота ня будзе.

  • 16x9 Image

    Алена Радкевіч

    Журналістка. Працавала вядучай радыёстанцыі «Беларуская Маладзёжная», карэспандэнткай Бі-Бі-Сі, расейскай незалежнай прэсы, удзельнічала ў самвыдаце. З Радыё Свабода ад 1991.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG