Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстоўцы ў Кіеве пакінуць намёты ля Вярхоўнай Рады да выкананьня патрабаваньняў


Сутычкі, штурханіна, спроба зьнесьці намёты пратэстоўцаў і затрыманьня часткі актывістаў. Так выглядалі 18 кастрычніка пратэсты пад Вярхоўнай Радай у Кіеве, арганізаваныя апазыцыйнымі партыямі і грамадзкімі рухамі.

Актывісты патрабуюць хутчэйшага стварэньня антыкарупцыйнага суду, прапарцыйнай выбарчай сыстэмы паводле адкрытых спісаў і адмены дэпутацкай недатыкальнасьці.

Да гэтых пытаньняў парлямэнт гатовы ўзяцца ў чацвер, 19 кастрычніка, пасьля галасаваньня за мэдычную рэформу. Пратэстоўцы ж плянуюць заставацца ў намётах ля парлямэнту да поўнага выкананьня іх патрабаваньняў. Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў, што намёты зносіць ня будуць.

У сераду былі затрыманыя 11 актывістаў, некаторых адпусьцілі, астатніх абяцаюць вызваліць бліжэйшым часам.

У пратэстах бяруць удзел некалькі тысяч чалавек, сярод ініцыятараў былы кіраўнік Адэскай вобрасьці Міхэіл Саакашвілі і ягоныя паплечнікі амаль зь дзесяці палітычных сіл і рухаў: партыі «Самапомач» львоўскага мэра Андрэя Садовага, «Бацькаўшчыны» Юліі Цімашэнкі, «Грамадзянскай пазыцыі» экс-міністра абароны Анатоля Грыцэнкі, праварадыкальнай «Свабоды» Алега Цягнібока і «Нацыянальнага корпусу» Андрэя Білецкага.

XS
SM
MD
LG