Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няма грошай. Улады адказалі на прапанову аб устаноўцы макету Менскага замчышча


Архіўнае фота. Збор подпісаў за ўсталяваньне макету Менскага замчышча і інфармацыйнай шыльды ў раёне менскай станцыі мэтро «Няміга». 28 ліпеня 2017 году

Першая намесьніца старшыні камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Алена Сухадолава даслала адказ на калектыўную прапанову ўстанавіць у Менску на Нямізе макет старажытнага замчышча, паведаміў Свабодзе адзін з ініцыятараў ідэі Алег Корбан.

У адказе гаворыцца, што камітэт лічыць такую ідэю цікавай, але цяжкай для рэалізацыі, бо неабходныя работы для стварэньня такога праекту не ўключаныя ў інвэстыцыйную праграму гораду.

На зварот таксама адказаў намесьнік міністра культуры Беларусі Аляксандар Яцко, які піша, што плянаваны макет не супярэчыць палажэньням Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб культуры. Разам з тым службовец спасылаецца на неабходнасьць узгадненьня гэтага пытаньня зь іншымі дзяржаўнымі органамі.

Алег Корбан
Алег Корбан

«З адказаў відаць, што ўлады ня супраць ідэі ўстанавіць макет замчышча, але ніхто з адказных чыноўнікаў не гатовы праявіць уласную ініцыятыву, каб запусьціць гэты праект да хуткай рэалізацыі. Магчыма, тут яшчэ патрэбна воля Адміністрацыі прэзыдэнта. Зрэшты, будзем спадзявацца, што ў наступныя год-два такая справа распачнецца і ў гістарычным пачатку Менску нарэшце зьявіцца макетны вобраз старадаўняга выгляду замчышча. Нам здаецца, гэта лепей, чым іхны папярэдні дарагі праект, які прадугледжвае знос палаца „Працоўныя рэзэрвы“ і будаўніцтва сучаснага музэйнага комплексу ў гістарычным кантрасьце», — камэнтуе рашэньне адзін з ініцыятараў кампаніі Алег Корбан.

У жніўні 2017 г. актывісты грамадзкага аб’яднаньня «Альтэрнатыва» (зарэгістраванае ў Латвіі) сабралі 1000 подпісаў сярод менчукоў пад калектыўнай прапановай сталічным уладам у гонар 950-годзьдзя Менску, дзеля папулярызацыі айчыннай гісторыі, культуры, турыстычнай прывабнасьці, устанавіць на Нямізе плоскасны макет Менскага замчышча, схему і выгляд якога аднавілі археолягі падчас раскопак у пэрыяд будаўніцтва другой лініі мэтро.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG