Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэдэральны судзьдзя зноў заблякаваў указ Трампа аб забароне на ўезд у ЗША. Белы дом разьюшаны


Ілюстрацыйнае фота. Плякат на дэманстрацыі супраць указу Трампа аб забароне на ўезд у ЗША. Аэрапорт Сан-Францыска, 29 студзеня 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Плякат на дэманстрацыі супраць указу Трампа аб забароне на ўезд у ЗША. Аэрапорт Сан-Францыска, 29 студзеня 2017 году

Судзьдзя Дэрык Уотсан з Ганалулу вынес рашэньне супраць указу, які абмяжоўвае ўезд у ЗША для грамадзян шасьці краінаў, які павінен быў набыць моц у сераду.

«Сёньняшняе глыбока недасканалае рашэньне акруговага суду падрывае намаганьні прэзыдэнта ў гарантаваньні бясьпекі амэрыканскага народу і захаваньні мінімальных стандартаў бясьпекі пры ўезьдзе ў Злучаныя Штаты», — гаворыцца ў заяве Белага дома, апублікаванай неўзабаве пасьля таго, як судзьдзя Дэрык Уотсан вынес рашэньне супраць указу, які тычыўся грамадзян Чаду, Ірану, Лібіі, Самалі, Сырыі і Емэну, якія ўяжджаюць у ЗША.

Са свайго боку, судзьдзя Ўотсан заявіў, што новы ўказ «пакутуе на тыя самыя хваробы, што і яго папярэднік: у ім няма пераканаўчых сьведчаньняў таго, што ўезд больш як 150 мільёнаў грамадзян з шасьці названых краінаў будзе «згубным для Злучаных Штатаў», паведамляе «Голас Амэрыкі».

Першы ўказ Трампа, які прадугледжваў забарону на ўезд у ЗША для грамадзян з шэрагу краінаў зь пераважна мусульманскім насельніцтвам, у студзені выклікаў хаос і пратэсты ў аэрапортах ЗША, перш чым быў заблякаваны судзьдзямі.

Архіўнае фота. Пратэст супраць указу Трампа ў Нью-Ёрку, 15 жніўня 2017 году
Архіўнае фота. Пратэст супраць указу Трампа ў Нью-Ёрку, 15 жніўня 2017 году

Пастанову суду ў Ганалулу азнаменавала сабой чарговы віток супрацьстаяньня судовай і выканаўчай уладаў, зыход якога, на думку экспэртаў, у канчатковым выніку вырашыцца ў Вярхоўным судзе ЗША.

У Міністэрстве юстыцыі ЗША назвалі пастанову суду памылковай і заявілі пра гатоўнасьць абскардзіць яе ў самыя кароткія тэрміны.

Выканаўца абавязкаў міністра ўнутранай бясьпекі ЗША Элейн Дзюк таксама заявіла: «Мы маем намер выконваць усе законныя юрыдычныя патрабаваньні, аднак разьлічваем на перамогу ў гэтай спрэчцы пасьля разгляду апэляцыі».

Судзьдзя Ўотсан, наадварот, упэўнены, што штат Гаваі здолее даказаць, што апошні ўказ Трампа парушае фэдэральнае іміграцыйнае заканадаўства.

Трымаючыся пастановы суду, Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША даручыў пасольствам і амбасадам па ўсім сьвеце «аднавіць рэгулярную апрацоўку візавых заяваў» для грамадзян Чаду, Ірану, Лібіі, Самалі, Сырыі і Емэну, паведамляе агенцтва «Рэйтэр» са спасылкай на неназванага прадстаўніка замежнапалітычнага ведамства.

У той жа час Дзярждэпартамэнт мае намер пакінуць у сіле абмежаваньні, уведзеныя для грамадзян Паўночнай Карэі і Вэнэсуэлы «ў мэтах максымальнай абароны нацыянальнай бясьпекі», бо гэтыя краіны не былі пазначаныя ў пастанове суду.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG