Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве апазыцыя разам з Саакашвілі выйшла да Вярхоўнай Рады


Лідэр «Руху новых сілаў», трэці прэзыдэнт Грузіі і экс-кіраўнік Адэскай абласной адміністрацыі Міхэіл Саакашвілі і яго паплечнікі амаль зь дзесяці палітычных сілаў і рухаў, у тым ліку з партый «Самадапамога» львоўскага мэра Андрэя Садавога, «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі, «Грамадзянскай пазыцыі» экс-міністра абароны Анатоля Грыцэнкі і праварадыкальных «Свабоды» Алега Цягнібока і «Нацыянальнага корпусу» Андрэя Білецкага праводзяць пад сьценамі Вярхоўнай Рады акцыю «Ўсеўкраінскі збор» за «вялікую палітычную рэформу». Колькасьць дэманстрантаў, паводле дадзеных арганізатараў, ня менш за пяць тысяч чалавек, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.

Урадавы квартал і Вярхоўная Рада ачэпленыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Вакол будынку парлямэнту падвойнае кальцо паліцыянтаў і нацгвардзейцаў.

Удзельнікі апазыцыйнага мітынгу на плошчы Канстытуцыі перад Радай вылучаюць тры патрабаваньні да ўкраінскай улады: стварэньне антыкарупцыйнага суду, адмена дэпутацкай недатыкальнасьці і прыняцьце новага выбарчага закону (адмена мажарытарнай сыстэмы і пераход да адкрытых партыйных сьпісаў, цяпер дзейнічае зьмяшаная мажарытарна-прапарцыйная сыстэма выбараў).

Дэпутаты Рады — удзельнікі акцыі заявілі, што ўнясуць ўсе ўзьнятыя на мітынгу пытаньні на разгляд парлямэнтарыяў у другой палове дня 17 кастрычніка.

Саакашвілі як ключавая асоба акцыі пратэсту апублікаваў і ўласныя патрабаваньні: пачаць бескампрамісную барацьбу з карупцыяй, Пятру Парашэнку выставіць на адкрыты продаж яго актывы; абнавіць склад Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны (у 13-ці з 15 членаў Цэнтрвыбаркаму скончыўся сямігадовы тэрмін паўнамоцтваў); зьнізіць тарыфы на энэргію для насельніцтва. «Калі вы праігнаруе гэтыя цалкам справядлівыя патрабаваньні народу, то грамадзяне будуць мець права патрабаваць ад вас сысьці», — падкрэсьліў Саакашвілі, зьвяртаючыся ня толькі ў цэлым да ўкраінскай улады, але і асабіста да кіраўніка дзяржавы.

Напярэдадні на Вечы антыкарупцыйных сіл у Харкаве лідэр «Руху новых сіл» заявіў, што ўкраінскія ўлады паспрабуюць яго ліквідаваць. «Я дакладна ведаю, што яны паспрабуюць ад мяне пазбавіцца. Яны могуць мяне скруціць, дэпартаваць ... нават забіць, гэта не праблема! Я гэтага не баюся», — адзначыў палітык.

Прыкладна ў гэты самы час Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што падчас масавых акцый 17 кастрычніка радыкальна настроеныя асобы рыхтаваліся ўчыніць правакацыі, плянавалі ўжыць стралковую зброю. Увечары 16 кастрычніка ўкраінскія тэлеканалы паказалі відэа СБУ, на якім былі, як сьцьвярджаецца, паплечнікі Саакашвілі і адабраная ў іх зброя. Дарадца кіраўніка МУС Украіны Зоран Шкірак заявіў, што да фінансаваньня акцый пратэсту 17 кастрычніка могуць мець дачыненьне кум расейскага прэзыдэнта, лідэр руху «Ўкраінскі выбар — Права народа» Віктар Медзьвядчук і расейскі алігарх Канстанцін Грыгарышын. Сярод спонсараў пратэстаў у прэзыдэнцкім атачэньні называюць і апальнага ўкраінскага алігарха Ігара Каламойскага. Сам Саакашвілі назваў такія здагадкі «трызьненьнем» і заявіў, што «ніколі ня пойдзе на зьдзелку з алігархамі».

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ўнёс у Вярхоўную Раду законапраект аб адмене дэпутацкага імунітэту. Адпаведны дакумэнт прадугледжвае, у прыватнасьці, унясеньне зьменаў у артыкул 80 Канстытуцыі Ўкраіны. Як адзначаецца ў тлумачальнай запісцы, гэтае пытаньне «да гэтага часу застаецца нявырашаным» і «ня страціла актуальнасьці».

10 верасьня пазбаўлены ўкраінскага грамадзянства Саакашвілі, экстрадыцыі якога патрабуе Грузія, прарваўся ва Ўкраіну з тэрыторыі Польшчы. У канцы верасьня суд у Львоўскай вобласьці прызнаў былога губэрнатара Адэскай вобласьці вінаватым у незаконным перасячэньні ўкраінскай мяжы і прызначыў яму штраф, а да гэтага, 11 верасьня, Саакашвілі зьвярнуўся ў дзяржаўную міграцыйную службу Ўкраіны з просьбай аб палітычным прытулку.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG