Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Мальце ўзарвалі журналістку, якая вінаваціла сям'ю прэм'ера ў карупцыі


На Мальце загінула журналістка Дафнэ Каруана Галіцыя, якая на падставе «Панамскага архіву» вінаваціла сямʼю прэмʼер-міністра краіны Джозэфа Мускат ў карупцыі. Машына Каруаны Галіцыі выбухнула пасьля таго, як яна выехала з дому. Прычына выбуху пакуль невядомая. За некалькі дзён да гібелі журналістка паведаміла паліцыі пра пагрозы на сваёй адрас, піша The Times of Malta.

Прэмʼер-міністр Джозэфа Мускат назваў гібель Каруаны Галіцыі «барбарскім нападам». Ён заявіў, што Мальта папрасіла Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША аб дапамозе ў расьсьледаваньні таго, што адбылося.

Міжнародны кансорцыюм журналістаў-дасьледчыкаў летась апублікаваў так званы «Панамскі архіў» — дадзеныя аб карупцыі ў вышэйшых эшалёнах улады ў некалькіх краінах сьвету. Каруана Галіцыя на падставе гэтых дакумэнтаў заявіла, што жонка прэмʼер-міністра Мальты нібыта валодае афшорнай кампаніяй, якая атрымлівала грошы ад уладаў Азэрбайджану.

У верасьні міжнародны Цэнтар па дасьледаваньні карупцыі і арганізаванай злачыннасьці апублікаваў даклад, згодна зь якім улады Азэрбайджану праз фіктыўныя кампаніі ў Вялікабрытаніі «адмылі» амаль 3 мільярды даляраў. Гэтыя грошы былі выдаткаваныя, у прыватнасьці, на хабары эўрапейскім палітыкам, якія лябіявалі інтарэсы Азэрбайджану ў Эўразьвязе і блякавалі рэзалюцыі, якія асуджаюць парушэньні правоў чалавека ў краіне.

Значная частка «Панамскага архіву» прысьвечаная Расеі: у дакумэнце сьцьвярджаецца, што асяродзьдзе прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна толькі праз панамскія афшорныя кампаніі «адмылі» больш за два мільярды даляраў. У Крамлі адпрэчваюць гэтыя абвінавачваньні.

XS
SM
MD
LG