Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць былога кіраўніка фірмы з сыстэмы «Белкаапсаюзу» — за хабар


16 кастрычніка ў Партызанскім раённым судзе Менску пачаўся працэс над Уладзімерам Забродзкім, былым гендырэктарам оптавай гандлёвай фірмы «Белкаапзьнешгандаль», якая належыць Белкаапсаюзу.

Экс-кіраўнік абвінавачваецца ў атрыманьні хабару ў вялікім памеры — больш за 15 тысяч рублёў, яму пагражае да 10 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Хабар за тое, што вяртаў грошы гандлёваму контрагенту

Паводле сьледзтва, хабар Уладзімер Забродзкі атрымліваў ад прадстаўніка камэрцыйнай фірмы «Сьвет піва» Сяргея Калесьнікава. Перад гэтай фірмай, якая была для «Белкаапзьнешгандлю» пастаўшчыком тавараў для далейшага перапродажу ў сетцы крамаў Белкаапсаюзу, рэгулярна ўзьнікалі немалыя запазычанасьці. Сьледзтва мяркуе, што ў сьнежні 2016 году Забродзкі з Калесьнікавым дамовіліся пра ўмовы вяртаньня пазыкі: што Забродзкі будзе спрыяць хуткаму вяртаньню грошай, а за гэта Калесьнікаў будзе плаціць яму пэўныя сумы: ад 2 да 3,5 тысячы рублёў штомесячна. Паводле сьледзтва, гэтак і адбывалася пачынаючы ад студзеня: 2 тысячы рублёў, 3 тысячы, 3500... Усяго да траўня набралася больш за 15 тысяч рублёў, якія сьледзтва лічыць хабарам. Грошы перадаваліся з рук у рукі, звычайна падчас сустрэч у аўтамабілі. 3 траўня Ўладзімера Забродзкага затрымалі на аўтастаянцы пасьля сустрэчы зь Сяргеем Калесьнікавым. З таго часу экс-гендырэктар пад вартай.

Забродзкі: «Віны не прызнаю»

Уладзімер Забродзкі сваёй віны ў атрыманьні хабару на сьледзтве не прызнаў і працягвае абараняцца ў судзе. Паводле яго, з контрагентамі, у тым ліку зь фірмай «Сьвет піва», у ягонай арганізацыі сапраўды часта ўзьнікалі праблемы, бо не хапала грошай для тэрміновых разьлікаў за пастаўкі тавараў. Але, сярод іншага, запазычанасьці ўзьнікалі таму, што і «Белкаапзьнешгандлю» некаторыя фірмы былі вінныя грошы. У выніку больш за 2 тысячы гандлёвых дамоваў былі цягам 2015–2016 гадоў перазаключаныя, зь некаторымі пастаўшчыкамі даводзілася судзіцца, з адных дамагацца даўгоў, другім — вяртаць, пералічваў праблемы Ўладзімер Забродзкі. Каб выкруціцца, некаторым пастаўшчыкам тавараў, перад якімі ўзьніклі даўгі, «Белкаапзьнешгандаль» мог даць магчымасьць атрымліваць грошы наўпрост ад тых, хто быў вінен яму, расказаў падсудны.

Паводле Забродзкага, фірма «Сьвет піва» пастаўляла ў гандлёвыя пункты Белкаапсаюзу піва і пітную ваду паводле дамовы з пэўнымі асаблівасьцямі: фірма сама вызначала попыт на свае тавары і гэтак рэгулявала памер паставак.

«У 2016 годзе сытуацыя склалася гэтак, што мы мусілі ўпрошваць пастаўшчыкоў не адмаўляцца ад супрацы з намі», — тлумачыў суду Забродзкі асаблівасьці адносін зь «Сьветам піва».

Забродзкі ў клетцы размаўляе з адвакатам і адварочваецца ад камэр
Забродзкі ў клетцы размаўляе з адвакатам і адварочваецца ад камэр

Паводле экс-гендырэктара, з прадстаўніком фірмы «Сьвет піва» Сяргеем Калесьнікавым у яго былі «чыста службовыя» адносіны. Але ў судзе прагучала, што падсудны нібыта недакладна разумеў, з кім мае справу.

«Калесьнікаў заўсёды называўся прадстаўніком фірмы „Сьвет піва“, але толькі на сьледзтве я даведаўся, што ён афіцыйна ўжо там не працаваў, а быў індывідуальным прадпрымальнікам і працаваў ад імя фірмы паводле дамовы», — сказаў суду Забродзкі.

Падсудны згадаў, што сустрэчы зь Сяргеем Калесьнікавым адбываліся ў офісе на вуліцы Бабушкіна ці на Веласіпедным завулку, звычайна ў будзённыя дні, аднойчы ў выходны.

«Яму было так зручней, мне таксама. Сустрэчы тычыліся выключна працы. Я разумеў, што „Сьвет піва“ — адзін з такіх пастаўшчыкоў, якіх трэба было для нас абавязкова захаваць, і падладжваўся пад ягоныя прапановы аб сустрэчах», — тлумачыў падсудны.

Доказам таго, што ён не аказваў фірме «Сьвет піва» дадатковых прэфэрэнцый, Уладзімер Забродзкі прапанаваў лічыць наступную акалічнасьць.

Увесну 2017 году «Белкаапзьнешгандаль» узяў банкаўскі крэдыт у 2,5 мільёна рублёў пад заклад апошняй сваёй нерухомасьці ў Гародні. «На той момант у нас была запазычанасьць перад фірмай „Сьвет піва“ ў 0,3 мільёна рублёў. Я мог бы яе цалкам закрыць з тых грошай, але гэтага не зрабіў. У траўні, калі мяне арыштавалі, запазычанасьць вырасла да 700 тысяч рублёў. То бок наша запазычанасьць перад „Сьветам піва“, наадварот, павялічылася». Маўляў, за што ж браць хабар?

Пры гэтым Уладзімер Забродзкі прызнаў, што мог папрасіць у Калесьнікава грошы ў прыватным парадку, бо меў асабістыя фінансавыя праблемы.

«Я будаваў новую кватэру, а старая ніяк не прадавалася», — сказаў былы гендырэктар «Белкаапзьнешгандлю».

Перад пачаткам суду Ўладзімер Забродзкі адварочваўся ад тэле- і фотакамэр, калі журналісты спрабавалі зьняць ягоны твар. Гэта працягвалася, пакуль на загад судзьдзі Анатоля Барысёнка апэратары і фотакарэспандэнты ня выйшлі з судовай залі.

XS
SM
MD
LG