Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя Мадуры заявіла пра перамогу на рэгіянальных выбарах


Кандыдаты ад кіруючай Адзінай сацыялістычнай партыі Вэнэсуэлы ўзялі верх на выбарах губэрнатараў у большасьці штатаў. Апазыцыя падазрае ўлады ў фальшаваньні выбараў.

Кандыдаты ад кіруючай Адзінай сацыялістычнай партыі Вэнэсуэлы перамаглі на выбарах губэрнатараў у большасьці — 17 з 23 — штатаў краіны. Пра гэта паведаміла кіраўніца Нацыянальнага выбарнага савету Вэнэсуэлы Тыбісай Люсэна, абвяшчаючы вынікі галасаваньня, якое адбылося ў нядзелю, 15 кастрычніка.

Пры гэтым прадстаўнікі кааліцыі апазыцыйных партый — «Блёку дэмакратычнага адзінства» — узялі верх толькі ў пяці. У адным са штатаў вынікі могуць быць яшчэ перагледжаныя, адзначыла Люсэна.

Афіцыйныя дадзеныя ўжо выклікалі падазрэньні з боку апазыцыі, якая абвінаваціла ўлады ў фальшаваньні выбараў і заявіла, што яна не прызнае вынікаў галасаваньня. Раней экзытполы на выхадзе з выбарчых участкаў сьведчылі пра відавочную перамогу апанэнтаў рэжыму, адзначае Reuters.

Нечаканыя і неадпаведныя экзытполам вынікі галасаваньня павялічылі верагоднасьць новых сутыкненьняў у краіне, адзначаюць інфармацыйныя агенцтвы.

Да цяперашніх выбараў прадстаўнікі кіруючай партыі займалі пасады губэрнатараў у 20 з 23 штатаў.

На працягу многіх месяцаў у Вэнэсуэле ідзе барацьба паміж сацыялістычным урадам прэзыдэнта краіны Нікаляса Мадуры і апазыцыяй. З пачатку красавіка ў выніку непарадкаў загінулі ня менш за 125 чалавек. Апанэнты прэзыдэнта абвінавачваюць яго ў імкненьні ўсталяваць у краіне камуністычную дыктатуру паводле прыкладу Кубы.

XS
SM
MD
LG