Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве прайшоў марш нацыяналістаў. ФОТА


У цэнтры Кіева правыя радыкалы з розных партый і рухаў правялі сумесны марш да 75-й гадавіны з дня стварэньня Украінскай паўстанцкай арміі (УПА).

Удзельнікі прысьвяцілі сваю акцыю памяці ўсіх загінуўшых змагароў за незалежнасьць Украіны. Паводле зьвестак арганізатараў, у шэсьці ўдзельнічала ня менш за 20 тысяч чалавек. Яны прадстаўлялі партыю «Нацыянальны корпус», Усеўкраінскае аб’яднаньне «Свабоду» і «Правы сэктар».

У МУС Украіны колькасьць удзельнікаў акцыі ацанілі амаль у 13 тысяч і заявілі, што сур’ёзных інцыдэнтаў падчас яе правядзеньня не было.

Актывісты з нацыянальнымі і чырвона-чорнымі сьцягамі, а таксама партыйнай сымболікай сабраліся спачатку на мітынг у кіеўскім парку Тараса Шаўчэнкі. Выступаючы на ім кіраўнік «Свабоды» Алег Цягнібок заявіў, што ўкраінскі прэзыдэнт Пётр Парашэнка павінен вярнуць званьне герояў Украіны лідэру Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Сцяпану Бандэру і галоўнакамандуючаму Украінскай паўстанцкай арміі Раману Шухевічу. (Гэтыя званьні Бандэру і Шухевічу прысвоіў ў канцы свайго прэзыдэнцкага тэрміну Віктар Юшчанка, а ў пэрыяд прэзыдэнцтва Віктара Януковіча адпаведныя рашэньні былі адменены, — РС).

Лідэр «Нацыянальнага Корпусу» Андрэй Білецкі паведаміў, што яго партыя ў канцы восені адновіць акцыі па блякаваньні расейскага бізнэсу на тэрыторыі Ўкраіны. Зараз нацыяналісты складаюць сьпіс расейскіх кампаніяў, якія працуюць у краіне.

Пасьля мітынгу ў парку Шаўчэнкі нацыяналісты, стаўшы ў калёны, пачалі марш у цэнтры Кіева і прайшлі па Крашчаціку і Майдану Незалежнасьці, скандуючы свае лёзунгі.

Парадак падчас суботніх масавых мерапрыемстваў у цэнтры горада забясьпечвалі каля 5 тысяч паліцыянтаў і вайскоўцаў нацыянальнай гвардыі. Марш нацыяналістаў суправаджалі некалькі соцень жаўнераў і конная паліцыя. Падчас руху па Крашчаціку ўдзельнікі акцыі палілі фаеры і паходні. Завяршылася шэсьце на Кантрактовай плошчы, дзе адбыўся сьвяточны канцэрт.

Акрамя Кіева, маршы нацыяналістаў адбыліся яшчэ ў адным горадзе Ўкраіна — Краматорску (Данецкая вобласьць). Мэта акцыі, у якой узялі ўдзел каля ста чалавек, як заявілі яе арганізатары з радыкальнай групоўкі С14 ( «Січ»), яшчэ раз паказаць, што Данбас, дзе чацьвёрты год працягваецца ўзброены канфлікт, гэта Ўкраіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG