Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Асмалоўкі хочуць дамагчыся самакіраваньня раёну


Жыхары Асмалоўкі маюць намер юрыдычна аформіць мясцовае самакіраваньне, паведаміў адзін з жыхароў, актывіст ініцыятывы за захаваньне першаснага аблічча раёну Андрэй Эзерын.

14 кастрычніка мясцовыя жыхары адгукнуліся на заклік раённай камунальнай службы разам добраўпарадкаваць дваровыя тэрыторыі раёну. Ініцыятыву дзяржаўнай службы многія гараджане ўспрынялі як знак таго, што Асмалоўка, якую яшчэ нядаўна горад хацеў замяніць новабудоўлямі, захавае сваё ўнікальнае аблічча.

«Самаарганізацыя жыхароў ужо існуе, але яна нефармальная, — адзначыў Эзерын у інтэрвію агенцтву БелаПАН. — Зараз мы выбіраем найбольш прымальную форму самаарганізацыі, мясцовага самакіраваньня, каб вырашаць многія нашы пытаньні, якія сёньня вырашыць немагчыма».

Паралельна з гэтым, паведаміў спадар Эзерын, грамадзкае аб’яднаньне «Гісторыка» разам з актывістамі ініцыятывы па захаваньні Асмалоўкі рыхтуе «мэнэджмэнт-плян па разьвіцьці раёну».

«У найбліжэйшы час мы скончым гэты дакумэнт і запросім усіх на абмеркаваньне. Мэнэджмэнт-плян прадугледжвае наданьне Асмалоўцы статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Калі мы даможамся прызнаньня за раёнам гэтага статусу, вельмі многія праблемы адпадуць. Нам здаецца, што гэта прыцягне інвэстараў, якія захочуць ня зносіць тут будынкі, а, напрыклад, купіць тут дом, каб зрабіць зь яго гатэль», — адзначыў Эзерын.

На думку Эзерына, у Асмалоўкі «ў ідэале павінны захавацца функцыі жылога раёну і зьявіцца маленькія гатэльчыкі і крамкі». Але раён «ні ў якім разе нельга зносіць і ладзіць тут даўгабуд», перакананы ён.

Мясцовая жыхарка Алена Калантаева у гутарцы з БелаПАН выказала меркаваньне, што ўнутраную тэрыторыю Асмалоўкі трэба ператварыць у цалкам пешаходную зялёную зону, пакласьці брук. «Я часта бачу, як па нашым раёне водзяць экскурсіі. Ніхто ня хоча ехаць у сучасныя раёны, якіх поўна ў любым горадзе любой краіны сьвету, усё прыяжджаюць паглядзець на ўнікальныя месцы. А тут можна ўбачыць, як пасьля вайны будаваўся горад», — сказала яна.

Асмалоўка — раён гістарычнага цэнтру гораду, які ўяўляе сабой два невялікія кварталы, абмежаваныя вуліцамі Камуністычнай, Куйбышава, Кісялёва і Багдановіча, і разрэзаных вуліцай Чычэрына. Спраектаваў раён, які будаваўся з канца 1940-х — пачатку 1950-х гадоў, менскі архітэктар Міхаіл Асмалоўскі для высокапастаўленых чыноўнікаў, супрацоўнікаў штабу Беларускай вайсковай акругі.

Мясцовыя жыхары сабралі больш за 350 подпісаў у падтрымку прапановы прысвоіць кварталу статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Пытаньне ўзяло на разгляд Міністэрства культуры. Аднак у лістападзе 2016 году Рэспубліканская навукова-мэтадычная рада ў пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкульце адклала абмеркаваньне пытаньня Асмалоўкі да прадстаўленьня ўладамі дэталёвага пляну разьвіцьця кварталу.

21 ліпеня адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менску не падтрымала праект дэталёвай пляніроўкі Асмалоўкі, які прадугледжваў знос старых будынкаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG