Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы закон аб адукацыі, або за што Ўкраіну крытыкуюць Вугоршчына, Румынія і ПАРЭ


У чацьвер у Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) абмяркоўваўся нядаўна прыняты ўкраінскі закон аб адукацыі. Згодна зь ім, усе сярэднія школы на тэрыторыі краіны павінны вучыць дзяцей на ўкраінскай, а не на мовах нацменшасьцяў, напрыклад на расейскай, румынскай або вугорскай.

Першы віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады Ірына Герашчанка ўсьлед за аўтарамі закону тлумачыла, што ён уведзены для таго, каб «усе ўкраінскія дзеці, незалежна ад таго, ці вучацца яны ў самых прэстыжных школах Кіеву, або ў маленькіх вясковых школах Цэнтральнай і Заходняй Украіны, мелі роўнае права на якасную адукацыю ва ўкраінскіх ВНУ і затым на месца на дзяржслужбе, дзе трэба ведаць дзяржаўную мову».

Але вугорскія і румынскія ўлады былі рэзка незадаволеныя законам і заявілі, што ён парушае прынцыпы асацыяцыі Ўкраіна-ЭЗ і стварае для нацменшасьцяў ва Ўкраіне «ўмовы яшчэ горшыя, чым у часы СССР».

«Я займаюся румынскай меншасьцю 25 гадоў, але тое, што адбываецца цяпер, беспрэцэдэнтна», — заявіў, у прыватнасьці, румынская дэпутат Віарэл Рычард Бадзя.

Гэта меркаваньне падтрымаў у чацьвер і дакладчык Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы па законе аб адукацыі ва Ўкраіне Андрэс Эркель. Ён назваў закон «супярэчлівым» і выказаў шкадаваньне, што Кіеў да яго прыняцьця ня запытаў меркаваньне Вэнэцыянскай камісіі. Улады Ўкраіны сцвярджаюць, што закон на экспэртызу камісіі адпраўлялі, і ён, на іх думку, адпавядае эўрапейскім нормам. Але ў выніку ПАРЭ ўсё ж прыняла рэзалюцыю, якая настойвае на зьмене закону.

Прычым тут Закарпацьце?

Закарпацьце — самы заходні рэгіён Украіны, які мяжуе з Вугоршчынай і Румыніяй. Тэрыторыя Закарпацкай вобласьці ўваходзіла ў склад Вугорскага каралеўства, Княства Трансільваніі, Аўстра-Вугоршчыны, а з траўня 1919 году — Чэхаславаччыны.

У Закарпацьці жыве каля 150 тысячаў вугорцаў і больш за 30 тысячаў румынаў. З-за горнага рэльефу многія вёскі і асобныя хутары ў гэтым рэгіёне адасобленыя: у рэгіёне дастаткова шмат месцаў, дзе людзі размаўляюць толькі на адной мове (вугорскай, румынскай або славацкай) і дрэнна валодаюць украінскай. Новы закон аб адукацыі фактычна пазбавіў выхадцаў з гэтых месцаў права атрымаць сярэднюю адукацыю на роднай мове, пакінуўшы ім магчымасьць вучыцца толькі па-ўкраінску.

Сэпаратызм

Перад сэсіяй ПАРЭ ўлады Ўкраіны афіцыйна абвінавацілі Вугоршчыну ў падтрымцы сэпаратызму ў Закарпацьці. У прыватнасьці, яны выказалі незадаволенасьць тым, што вугорскія ўлады арганізавалі мітынг «Самавызначэньне для Закарпацьця».

Міністар замежных спраў Украіны Павел Клімкін напісаў у сваім твітэры, што ў Будапешт накіравана нота пратэсту «з патрабаваньнем забараніць гэтую правакацыю». «Перакананы, што Вугоршчына і надалей будзе паважаць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны», — напісаў Клімкін.

Нота была накіраваная празь некалькі дзён пасьля таго, як кіраўнік вугорскага МЗС Пэтэр Сіярта наведаў Закарпацьце з неафіцыйным візытам. В Ужгарадзе ён сустрэўся з кіраўніком вобласьці Генадзем Маскалём і лідэрамі арганізацыяў закарпацкіх вугорцаў і размаўляў зь імі пра закон аб адукацыі. Пры гэтым ён адмовіўся ад перамоваў з украінскім калегам Паўлам Клімкіным, што Кіеву катэгарычна не спадабалася.

Выступленьні прадстаўнікоў Вугоршчыны і Румыніі ў ПАРЭ супраць закону аб адукацыі Ўкраіна таксама расцаніла ня як крытыку спрэчнага закону, а як палітычныя заявы і падтрымку закарпацкага сэпаратызму.

Першы віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады Ірына Герашчанка па выніках пасяджэньня ПАРЭ заявіла, што «агрэсіўныя заявы некаторых прадстаўнікоў вугорскай і румынскай дэлегацыяў часам выглядалі як схаваныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Ўкраіны, і гэта недапушчальна».

«Рука Масквы» ці выбары?

Герашчанка мяркуе, што прадстаўнікі Вугоршчыны і Румыніі крытыкавалі Ўкраіну ў ПАРЭ напярэдадні выбараў:

«Іх рыторыка носіць перадвыбарчы характар і накіраваная на мабілізацыю ўласнага электарату, каб паказаць, што румынскія і вугорскія палітыкі змагаюцца за сваіх суайчыньнікаў ва ўсіх кутках сьвету. Гэта несумленна — выкарыстоўваць унутраныя электаральныя тэмы для пагаршэньня адносінаў з бліжэйшымі суседзямі», — падкрэсьліла дэпутат.

Ва Ўкраіне таксама выказваецца меркаваньне, што Вугоршчына стала падтрымліваць сэпаратысцкія настроі ў Закарпацьці пры ўдзеле Расеі. Экспэрты, якія яго выказваюць, нагадваюць, што прэзыдэнт Уладзімір Пуцін за апошні год двойчы сустракаўся з прэмʼерам Вугоршчыны Віктарам Орбанам, які лічыцца яго галоўным прыхільнікам у Эўропе.

Кіраўнік анэксаванага Крыму Сяргей Аксёнаў у чацьвер прапанаваў прэзыдэнту Ўкраіны Пятру Парашэнку правесьці ў Закарпацьці рэфэрэндум па пытаньні аб аддзяленьні ад Украіны. У самым Закарпацьці пакуль такіх ідэяў не выказвалі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG