Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штраф Сіўчыку скасавалі. Актывіст: «Хочуць адправіць на суткі перад акцыяй 21 кастрычніка»


Вячаслаў Сіўчык

Менскі гарадзкі суд скасаваў ранейшую пастанову Партызанскага раённага суду аб штрафе актывісту Вячаславу Сіўчыку на 45 базавых велічыняў за ўдзел у акцыі «За мірную Беларусь» 8 верасьня.

Рашэньне прынятае пасьля абскарджаньня пракуратуры 11 кастрычніка. Менскі гарадзкі суд пастанавіў перагледзець справу актывіста ў тым жа Партызанскім раённым судзе. Дзень разгляду яшчэ не прызначаны.

Вячаслаў Сіўчык мяркуе, што рашэньне прынятае ў межах рыхтаваньня ўладаў да акцыі апазыцыі, прызначанай на 21 кастрычніка. «Лічу, што гэта незаконнае рашэньне, бо былі парушаныя тэрміны абскарджваньня пастановы Партызанскага суду. Я сам спрабаваў абскардзіць тую пастанову, але маю заяву не разгледзелі, а скаргу пракуратуры сабраліся разглядаць ужо праз два дні, як яна была пададзена. Такой сьпешкі ніколі не было. Новы суд яшчэ не прызначаны, але не выключаю, што зьбяруцца ўжо на гэтым тыдні. Тое, што сьпяшаюцца да 21 кастрычніка ўсё зачысьціць, відаць па ўчорашнім арышце Яўгена Афнагеля і Паўла Севярынца. Адбываецца ўсё паводле такога ж сцэнару. Не выключаю, што таксама адправяць на суткі, хоць гэта будзе абсалютна незаконна», — мяркуе Вячаслаў Сіўчык.

На заклік аднаго зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалая Статкевіча 21 кастрычніка ў Менску мае адбыцца акцыя «Марш абураных беларусаў 2.0» з мэтай пратэставаць супроць эканамічнай палітыкі ўладаў Беларусі.

XS
SM
MD
LG