Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША спрабуе ўрэгуляваць дыпляматычны канфлікт з Турэччынай


Дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан выказаў «глыбокую занепакоенасьць» з нагоды затрыманьня дыпляматычнага пэрсаналу ЗША ў Турэччыне, заявіў 11 кастрычніка дзяржаўны дэпартамэнт.

У тэлефоннай размове зь міністрам замежных спраў Турэччыны Мэўлютам Чавушаглу Рэкс Тылерсан таксама заклікаў турэцкі ўрад даць доказы абвінавачваньня ў адрас супрацоўнікаў, гаворыцца ў паведамленьні дэпартамэнту.

У нядзелю амбасада ЗША абвясьціла аб спыненьні выдачы неіміграцыйных візаў у амэрыканскай дыпмісіі ў Турэччыне пасьля таго, як улады арыштавалі двух турэцкіх супрацоўнікаў у консульстве ЗША ў Стамбуле па абвінавачваньні ў шпіянажы ў мінулыя выходныя. Турэччына адказала люстрана, абвясьціўшы аб спыненьні выдачы візаў амэрыканскім грамадзянам.

Тэлефонная размова паміж Тылерсанам і Чавушаглу стала першай пасьля таго, як адбыўся дыпляматычны крызіс у дачыненьнях паміж двума саюзьнікамі ў NATO. Паводле зьвестак турэцкіх СМІ, размова доўжылася больш за паўтары гадзіны.

Прэм’ер-міністар Турэччыны Біналі Йылдырым пазьней заявіў: «Мы спадзяёмся, што адносіны паміж двума саюзьнікамі неўзабаве вернуцца да нармальных... У той час, калі глябальная і рэгіянальная напружанасьць абвастраецца, мы не зьбіраемся страчваць здаровы сэнс».

Міністар абароны ЗША Джым Мэтыс сказаў, што спрэчка не паўплывала на дачыненьні ЗША з ўзброенымі сіламі Турэччыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG