Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: хакеры з КНДР выкралі ваенныя пляны ЗША і Паўднёвай Карэі


Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта паведаміў дэпутат паўднёвакарэйскага парлямэнту ад кіроўнай партыі.

Паўночнакарэйскія хакеры, магчыма, выкралі вялікую колькасьць засакрэчаных вайсковых дакумэнтаў, у тым ліку апошні плян баявых апэрацый Паўднёвай Карэі і ЗША, заявіў заканадаўца з кіроўнай партыі Паўднёвай Карэі, на якога спасылаецца агенцтва «Ёнгап».

Як заявіў прадстаўнік Дэмакратычнай партыі Лі Чоль Хі са спасылкай на неназваную крыніцу ў Мінабароны гэтай краіны, з інтэграванай базы зьвестак выкралі пакет вайсковых дакумэнтаў аб’ёмам 235 гігабайтаў. Паводле зьвестак агенцтва «Ёнгап», зьмест 80 % дакумэнтаў пакуль не ідэнтыфікаваны. Паведамляецца таксама, што ўзлом адбыўся ў верасьні мінулага году.

Як перадае агенцтва, Пхэньян адмаўляе адказнасьць за кібэратакі, вінавацячы Сэул ў іх «фабрыкацыі», паведамляе «Голас Амэрыкі».

Ні Лі Чоль Хі, ні яго прадстаўнікі пакуль не адказваюць на запыты наконт камэнтароў.

Пэнтагон заявіў, што ў курсе гэтых паведамленьняў, але ня будзе камэнтаваць інфармацыю пра меркаваны хакерскі напад.

«Хоць я ня буду даваць камэнтароў у пытаньнях, зьвязаных з выведкай або канкрэтнымі выпадкамі кібэрумяшаньня, я магу запэўніць вас, што мы перакананыя ў бясьпецы нашых апэратыўных плянаў і нашай здольнасьці справіцца зь любой пагрозай з боку КНДР», — заявіў журналістам прэс-сакратар Пэнтагону палкоўнік Робэрт Мэнінг.

XS
SM
MD
LG