Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы абразіліся на беларускага трэнэра за футболку з Пуціным


Алег Конанаў. Фота з афіцыйнага сайту «Дынама» (Кіеў)
Алег Конанаў. Фота з афіцыйнага сайту «Дынама» (Кіеў)

Беларускі футбольны трэнэр Алег Конанаў, які некалькі гадоў таму працаваў з ўкраінскім футбольным клюбам «Карпаты», а цяпер трэніруе чачэнскую каманду «Ахмат», сфатаграфаваўся ў футболцы, прымеркаванай да 65-годзьдзя расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.

Адпаведны фотаздымак без камэнтароў, Алег Конанаў апублікаваў на сваёй старонцы ў Instagram у нядзелю, 8 кастрычніка, — на наступны дзень пасьля дня нараджэньня расейскага прэзыдэнта.

На гэты момант фотаздымак Алега Конанава ўпадабалі больш за тысячу заўзятараў чачэнскага футбольнага клюбу. Сярод ранейшых апублікаваных фотаздымкаў таксама ёсьць фота і з кіраўніком Чачэнскай рэспублікі Рамзанам Кадыравым.

​Алег Конанаў трэніраваў львоўскія «Карпаты» у 2008-2011 гадах. У часе ягонага трэнэрства клюб двойчы запар займаў пятае месца ў прэм’ер-лізе Ўкраіны, а сам ён дагэтуль лічыцца адным з найлепшых трэнэраў львоўскай каманды.

Як пішуць у сацыяльных сетках украінцы, у часе трэніровак футбалістаў «Карпат» Алег Конанаў часта фатаграфаваўся ў вышыванках і быў вельмі папулярным сярод заўзятараў — яны патрабавалі ад мясцовых уладаў прысвоіць яму званьне Ганаровага грамадзяніна Львова.

Паводле вядомага ўкраінскага спартыўнага журналіста Івана Вярбіцкага, Алег Конанаў пад час працы ў Львове заўсёды быў максымальна асьцярожным ў дзеяньнях і выказваньнях.

«Заўсёды стараўся быць добрым і вашым, і нашым. Сваіх сапраўдных думак, эмоцый і перажываньняў ён на людзях не дэманстраваў амаль ніколі. Памятаеце расьцяжку з "Ганаровым грамадзянінам Львова"? Публічна Алег Георгіевіч за яе дзякаваў. А насамрэч ён быў злы на фанатаў, таму што гэтае іхнае "свавольства" з патрыятычным банэрам моцна сапсавала яму жыцьцё ў Беларусі», — напісаў журналіст на сваёй старонцы ў Facebook.

Званьня ганаровага грамадзяніна Львова Алег Конанаў не атрымаў, але за выдатныя заслугі ў разьвіцьці спорту ў Львове яго ў траўні 2011 года ўзнагародзілі «Ганаровым знакам сьвятога Юрыя». Гэтая адзнака заснавана Львоўскай гарадзкой радай у 2011 годзе і ўручаецца мэрам Львова. Ганаровым знакам сьвятога Юрыя адзначаюцца грамадзяне Ўкраіны і іншых дзяржаў за выбітныя заслугі перад Львовам у галіне эканомікі, навукі, адукацыі, культуры, мастацтва, аховы здароўя, а таксама за значную дабрачынную, гуманістычную і грамадзкую дзейнасьць.

Пасля львоўскай каманды Алег Конанаў адзін сезон трэніраваў «Севастополь», а ў 2013-2016 гадах расейскі «Краснодар». Сёлета ў траўні ён стаў галоўным трэнерам чачэнскага клюбу «Ахмат» (ранейшая назва «Терек»).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG