Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз і Рада Эўропы заклікалі Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне


Сьмяротныя прысуды у Беларусі

Пра гэта гаворыцца ў іх сумеснай дэклярацыі з нагоды Міжнароднага дня барацьбы супраць сьмяротнага пакараньня, які адзначаецца 10 кастрычніка.

«Рада Эўропы і Эўразьвяз пацьвярджаюць сваю рашучую і недвухсэнсоўную пазыцыю супраць сьмяротнага пакараньня пры любых абставінах і ва ўсіх выпадках, — гаворыцца ў дэклярацыі, тэкст якой цытуе агенцтва БелаПАН. — Пакараньне сьмерцю несумяшчальнае з чалавечай годнасьцю. Яно ўяўляе сабой бесчалавечнае і прыніжаючае годнасьць абыходжаньне, ня мае даказанага стрымліваючага эфэкту і дазваляе судовым памылкам рабіцца незваротнымі».

Скасаваньне сьмяротнага пакараньня ў Эўропе ў дэклярацыі называецца «асаблівым дасягненьнем». Гэты від пакараньня скасавалі ўсе дзяржавы — чальцы ЭЗ і Рады Эўропы.

«Рада Эўропы і Эўразьвяз заклікаюць Беларусь — адзіную эўрапейскую краіну, якая ўсё яшчэ ўжывае сьмяротнае пакараньне, — увесьці мараторый у якасьці вырашальнага кроку па набліжэньні краіны да агульнаэўрапейскіх прававых стандартаў» - гаворыцца ў дэклярацыі РЭ і ЭЗ.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе ўсё яшчэ ўжываецца сьмяротнае пакараньне. За апошнія 20 гадоў было пакарана больш за 400 чалавек, і толькі адзін з асуджаных да сьмяротнага пакараньня быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG