Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзкія актывісты аднаўляюць крыжы на магілах паўстанцаў 1863 году


Актывісты зь Лідзкага раёну рэстаўруюць крыжы на месцы пахаваньня паўстанцаў 1863 году паміж вёскамі Малое Вольжава і Мохавічы

У выходныя актывісты зь Лідзкага раёну правялі талаку і адрэстаўравалі крыж паўстанцам 1863 году на магілах, якія знаходзяцца паміж вёскамі Малое Вольжава і Мохавічы.

Паводле Вітольда Ашурка, які браў удзел у талацэ, такім чынам актывісты зь Лідзкага раёну вядуць падрыхтоўку да Дзядоў.

— Мы цалкам аднавілі адзін з крыжоў. Нягледзячы на тое, што яны дубовыя, на іх усё роўна ўзьдзейнічаюць дажджы і сонца. Мы цяпер выкапалі адзін з крыжоў і апрацавалі яго неабходнымі хімічнымі прэпаратамі. На наступныя выходныя будзем рэстаўраваць другі крыж.

Крыжы на магілах паўстанцаў былі пастаўленыя ў 1995 годзе. І туды на Дзяды заўсёды раней, прыходзілі людзі з навакольных вёсак разам з ксяндзом і маліліся.

— Цяпер ужо некалькі гадоў, як сюды, апроч нас, ніхто не прыходзіць. Мясцовыя расказалі, што ўлады забаранілі ксяндзу тут маліцца. А многія старэйшыя людзі зь вёсак, з кім мы размаўлялі, папросту ня могуць ужо сюды дайсьці. Тым ня менш магілы нашых герояў, якія аддалі жыцьці за нас, мы будзем даглядаць і ўшаноўваць.

У 1863 годзе паміж вёскамі Малое Вольжава і Мохавічы адбылася бітва касінераў атрада Нарбута з расейскімі царскімі войскамі. На гэтым месцы загінулі тры дзясяткі паўстанцаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG