Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дажынкі» у Клічаве: схаваны Ленін, прыбіральні і «Рог дастатку». ФОТА


Скульптуру «Рог дастатку» адкрываў старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Даманеўскі.
Скульптуру «Рог дастатку» адкрываў старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Даманеўскі.

У Клічаве прайшоў абласны фэстываль-кірмаш «Дажынкі». Мясцовыя ўлады не скарысталіся нагодай, каб прыбраць з цэнтральнай плошчы помнік Леніну. Яго перанесьлі на ўскраек пляцу і зрабілі меншым пастамэнт. Пасярэдзіне ж плошчы паставілі скульптурную кампазыцыю «Рог дастатку».

У клічаўскія «Дажынкі» ўклалі дзесяць мільёнаў рублёў. Звыкла прыхарашылі гарадзкі цэнтар, а пэрыфэрыя засталася некранутая. Не адрамантаванымі засталіся і падворкі непадалёк ад райвыканкаму.

Ня ўсім прынесьлі радасьць «Дажынкі»

За дзьвесьце мэтраў ад будынка райвыканкаму на вуліцы Ленінскай за банэрнай сеткай схаваны нежылы цагляны будынак. За ім перакапаны падворак з рэзкім смуродам ад прыбіральняў. Імі карыстаюцца жыхары двухпавярховікаў, якія да «Дажынак» звонку падрамантавалі, але знутры пакінулі некранутымі.

Прыбіральні непадалёк ад райвыканкаму
Прыбіральні непадалёк ад райвыканкаму

«У нашых дамах няма ні каналізацыі, ні вады. Толькі газ нядаўна падвялі, але сказалі з дому заплаціць па чатыры з паловай тысячы рублёў. А дзе нам такія грошы ўзяць? Тут жа адны пэнсіянэры жывуць», — жалілася журналісту адна з жыхарак.

«Колькі гора нам прынесьлі гэтыя „Дажынкі“. Хлеўчукі нашы, у якіх захоўвалі бульбу, пазносілі. Мы іх не адбаранілі, — апавядала кабета далей. — Пад вокнамі ў нас былі гароды, дык іх таксама ліквідавалі. Цяпер пад домам голая зямля. Няўжо яны некаму перашкаджалі? Каб толькі двор пасьля „Дажынак“ давялі да ладу, а то і будзем так жыць, нібы пасьля вайны».

Схаваны ад «Дажынак» будынак
Схаваны ад «Дажынак» будынак

Пад вокнамі райвыканкаму на агароджанай турнікетамі пляцоўцы адзначылі пераможцаў сёлетняга жніва. Уручалі дыплёмы і дарылі трактары. Ахвотных пабачыць цырымонію было няшмат. Адразу пасьля шэсьця ўдзельнікаў фэстывалю нямала людзей разбрыліся па кутках, дзе ім было цікавей.

«Дык, а што там нам стаяць», — адрэагавала маладая пара на пытаньне журналіста, чаму не засталіся на плошчы. — За турнікеты нас не прапусьцілі, хоць і крэслы былі незанятымі, а на нагах шмат ня выстаіш«.

«Пасьля «Дажынак» надыдзе дэпрэсія»

Дажынкі звыкла праходзілі пры ўзмоцненых захадах бясьпекі. Пад’езды да цэнтру гораду былі перакрытыя супрацоўнікамі ДАІ. На саміх жа «Дажынках» было нямала супрацоўнікаў міліцыі апранутых у цывільнае

Магніцікі з Лукашэнкам і Пагоняй на памяць пра «Дажынкі»
Магніцікі з Лукашэнкам і Пагоняй на памяць пра «Дажынкі»

У цэнтральнай частцы невялікага гораду разгарнулі паветкі гандлёвыя арганізацыі, але пакупнікоў ля іх было няшмат. Нават ля ўстаноў харчаваньня, якія заваблівалі наведнікаў выпіўкай і закусіць, сталы заставаліся не занятымі.

«Мы б пасядзелі і нечага купілі, але дарма нічога не даюць, — адзначыў мужчына. — Нам абяцалі выдаць да „Дажынак“ аванс, але нешта ня выйшла ў начальства. Ды й на тутэйшыя заробкі асабліва не пашыкуеш. У мяне дачка і сын вучацца. Сам дзіўлюся, як яшчэ выкручваюся».

Людзі блукалі між атракцыёнамі і зрэдку набывалі ласункі дзецям. Гандляры сумавалі.

Яшчэ да аднаго падворка «Дажынкі» не дайшлі
Яшчэ да аднаго падворка «Дажынкі» не дайшлі

«У Клічаве няма пэрспэктыў, — казаў наступны суразмоўца. — Гэтыя „Дажынкі“ троху актывізавалі жыцьцё. Стаў адчувацца хоць нейкі рух. Цэнтар прыбралі. Дом культуры, які не рамантавалі семдзесят гадоў, да ладу прывялі. Але, як усё скончыцца, зноў надыдзе дэпрэсія. Тут жа ніводнага сур’ёзнага прадпрыемства. Ну, лясгас вялікі, ПМК яшчэ неяк выжывае, але на ўсіх працы няма. Хіба гэта заробак трыста рублёў для мужчыны. Таму, я адсюль, зьехаў. Цяпер прыяжджаю, як і многія мае сябры».

«Ня кепска жывём, толькі за ўсё даводзіцца плаціць»

Аддаленыя ад гарадзкога цэнтра вуліцы абязьлюдзелі. На «Дажынкі» выпраўляліся сем’ямі. Прыбраўшыся ў найлепшае ішлі на сьвята і старыя.

Клічаўская пэрыфэрыя
Клічаўская пэрыфэрыя

«Някепска тут жывём. Пэнсію плацяць, а што нам старым яшчэ трэба, — казала кабета, перанятая на адной з пэрыфэрыйных вуліц. — Толькі цяпер за ўсё трэба плаціць. І дроў прывязі, заплаці і нямала. На ўсё грошы не набярэсься. Жыцьцё цяпер дарагім стала».

«Я асабліва нікуды не хаджу, — на разьвітаньне сказала жанчына, — А тут надумалася выбрацца на „Дажынкі“. Прыбралася, ды во клыпаю».

«А ці бачыце, якая ў нас тут вуліца, — сустрэла ў сваім двары яшчэ адна кабета. — Што нам гэтыя „Дажынкі“? Хіба яны для людзей? Цэнтральныя вуліцы парабілі, а пра нашы забылі. Да крамы не дайсьці старым».

Нават выпіць і закусіць ахвотных няшмат
Нават выпіць і закусіць ахвотных няшмат

«Паглядзіце на нашу хату. Усё ў ёй згніло, — казала далей жанчына. — Мне гэтую «кватэру» давалі як даярцы. Дах не дапамогуць адрамантаваць. Толькі я ўпраўляюся, дык буду званіць на «гарачую лінію».

«Там, дзе партызаны, там і гітлераўцы»

У гарадзкім парку свае экспазыцыі выставілі музэі і клюбы. Па ходніках «пры зброі» прагульваліся «партызаны і салдаты вэрмахту».

«Дык гэта ж гісторыя. Куды ад яе?, — заўважыў адзін з пераапранутых у „гітлераўца“ мужчына.

„Партызаны“ і „Фрыцы“ разам на „Дажынках“
„Партызаны“ і „Фрыцы“ разам на „Дажынках“

Там дзе партызаны, там і фрыцы, — працягнуў суразмоўца. — Клічаўскі раён — партызанскі край, а значыць тут былі ня толькі партызаны, але і фашысцкія гарнізоны».

На дрэвах у парку разьвесілі газэты, якія друкавалі партызаны. Беларускамоўныя выданьні заклікалі біць фашыстаў і змагацца за вольную Беларусь.

Мілітарысцкай аздобы было ўдосталь. Дзеці забаўляліся пэйтболам. Каля дому дзіцячай творчасьці на агледзіны выставілі экспанаты вайсковай тэхнікі. Над райцэнтрам раўлі самалёты...

Якія «Дажынкі» без парасячых гонак
Якія «Дажынкі» без парасячых гонак

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG