Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрнст Барлах і Кэтэ Кольвіц. Першы маштабны праект зь Нямеччыны ў Нацыянальным мастацкім музэі


Эрнст Барлах, Жабрак
Эрнст Барлах, Жабрак

У рамках 25-годзьдзя ўсталяваньня беларуска-нямецкіх дыпляматычных адносінаў у Нацыянальным музэі Беларусі адчынілася выстава твораў нямецкіх мастакоў Эрнста Барлаха і Кэтэ Кольвіц, якая рыхтавалася цягам двух гадоў.

Выстава стала магчымай, дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных справаў ФРГ. Амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар, які асабіста апекаваўся экспазыцыяй, сказаў, што гэта самая маштабная выстава зь Нямеччыны ў Менску ад моманту ўсталяваньня незалежнасьці Беларусі. І ў культурных зносінах яна мае ролю маяка.

Пэтэр Дэтмар
Пэтэр Дэтмар

Паводле амбасадара, ідэя гэтага праекту нарадзілася ў 2015 годзе ў Вэнэцыі, калі ў найстарэйшай царкве лютэранскай абшчыны Італіі праходзіла выстава самых значных твораў Барлаха.

«Нарадзілася ідэя і пачаўся вельмі няпросты шлях яе рэалізацыі», сказаў амбасадар Пэтэр Дэтмар.

На выставе прадстаўлена больш за 200 твораў скульптуры і графікі з калекцыі Інстытуту міжнародных адносінаў Штутгарта, музэяў Эрнста Барлаха, а таксама з прыватных збораў Нямеччыны.

Кіраўніца праекту, дырэктарка Таварыства Эрнста Барлаха з Гамбургу Хэйке Штокхаўс распавяла, чым можа выстава прыцягнуць беларускіх гледачоў.

«Так, насамрэч на гэтай выставе многа прац, напоўненых тугой, якія робяць хваравітае ўражаньне. Але ж ці ня так выглядае рэальнасьць, якая вакол нас?! Работы гэтай выставы нясуць таксама і масу надзеі і жаданьня памяняць сытуацыю да лепшага. Не дарэмна ж гэтая выстава атрымала назву „Пераадольваючы існаваньне“. Мы бачым у іх творах вобразы сапраўдных змагароў за лепшае жыцьцё, за рэальны рост і разьвіцьцё, за сапраўдны прагрэс», — сказала спадарыня Штокхаўс.

Эрнст Барлах. Анёл сабора Гюстраў
Эрнст Барлах. Анёл сабора Гюстраў

Разам з выставай рэалізуецца навучальная праграма для моладзі — face art — face future. Паводле Хэйке Штокхаўс, маладыя пасланьнікі выставы падрыхтуюць уласныя экскурсіі па экспазыцыі, каб зацікавіць гледачоў. Цягам двух тыдняў у лістападзе яны прэзэнтуюць свае праекты — у арт-прасторы «Цэх» і ў Нацыянальным мастацкім музэі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG