Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пошукі Максіма Мархалюка: камэнтар Інтэрполу


Супрацоўніцтва беларускіх праваахоўнікаў з Інтэрполам у пошуку зьніклага ў Белавескай пушчы 10-гадовага Максіма Мархалюка пачалося нават раней, чым хлопчыка афіцыйна абвясьцілі ў міжнародны вышук, паведамляюць у МУС Беларусі.

— Шэраг значнай інфармацыі аб яго магчымым месцазнаходжаньні на тэрыторыі Польшчы адпрацоўваўся намі праз канал Інтэрполу яшчэ да яго афіцыйнага абвяшчэньня ў міжнародны вышук. Уся значная інфармацыя, якая тычыцца міжнароднага вышуку Максіма, адпрацоўваецца неадкладна па каналах Інтэрполу, — сказаў у інтэрвію Навінам «24 гадзіны» на СТВ начальнік Нацыянальнага цэнтру бюро Інтэрполу ў Беларусі Аляксандр Пятран.

Замежныя адмыслоўцы маюць фотаздымкі і падрабязнае апісаньне хлопчыка.


Зьніклага Максіма Мархалюка аб’явілі ў міжнародны вышук

Паводле інфармацыі Сьледчага камітэту, міжнародны пошук Максіма быў аб’яўлены з 2 кастрычніка, але вынікаў пакуль няма. Тым часам у вёсцы Новы Двор Сьвіслацкага раёну пошук працягваюць супрацоўнікі міліцыі, Сьледчага камітэту і МНС. Пра гэта Свабодзе паведаміла кіраўніца справамі Навадворскага сельсавету Вера Лісоўская:

— Цяпер ужо столькі людзей, як ехалі да нас з усяе Беларусі, няма. Пошукамі займаюцца адмыслоўцы. Але ў вёсцы людзі працягваюць думаць і гавараць пра гэта. Ужо так хочацца, каб зьявіліся добрыя навіны, усе чакаюць. І ніхто ня можа ўявіць нават, куды ён мог зьнікнуць. Зьявілася надзея, калі паказалі ў навінах, што нейкі хлопчык знайшоўся ў Польшчы, але высьветлілася, што гэта ня наш Максім... Усе перажываюць у вёсцы, чакаем навінаў.

10-гадовы Максім зьнік 16 верасьня. Па факце яго зьнікненьня Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 167 КПК. Разглядаецца і крымінальная вэрсія зьнікненьня, але асноўная па-ранейшаму застаецца нязьменнай: Максім заблукаў у лесе.

XS
SM
MD
LG