Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы хочам мець шмат «падушак бясьпекі». 10 выказваньняў Макея падчас канфэрэнцыі ганаровых консулаў


Уладзімер Макей

Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей выступіў у Менску 6 кастрычніка на першай канфэрэнцыі ганаровых консулаў Беларусі.

«Мы ніколі не маем намеру пачынаць вайну ў адносінах да некага. Мы не хочам разьмяшчаць у сябе дадатковыя нейкія замежныя вайсковыя базы, бо разумеем, што гэта будзе выкарыстана нашымі партнэрамі па той бок мяжы для адэкватнага адказу, і гэта прывядзе да нагнятаньня напружанасьці. Мы не хочам быць крыніцай напружанасьці».

«Беларусь зьяўляецца адзінай краінай на постсавецкай прасторы, якая ня мела і, я ўпэўнены, ня будзе мець ніякіх узброеных канфліктаў».

«Мы не зьбіраемся і надалей прадʼяўляць нікому ніякіх прэтэнзій — ні тэрытарыяльных, ні іншых».

«Я чытаў шмат яго (кангрэсмэна Сьміта, аўтара прынятага ў Кангрэсе ЗША Закона аб дэмакратыі ў Беларусі, які ўводзіць шэраг абмежавальных захадаў) інтэрвію пасьля гэтай сустрэчы (з Аляксандрам Лукашэнкам), пасьля візыту ў Беларусь. Цяпер меркаваньне гэтага кангрэсмэна, як і многіх яго калег, сурʼёзна памянялася. Зьмянілася ў лепшы бок. Мы не кажам, што яно стала ідэальным, што ўсе праблемы зьнятыя. Але важна абʼектыўна паглядзець на рэчы і прызнаць гэтую абʼектыўнасьць. Прызнаць, што вельмі многае зроблена і робіцца ў Беларусі ў лепшы бок».

«Мы ні ў якай меры не зьбіраемся разрываць нашы саюзьніцкія адносіны з Расеяй. Мы зьбіраемся іх ўмацоўваць. Але мы імкнёмся адначасова мець добрыя адносіны з Эўрапейскім зьвязам, які зьяўляецца другім па значнасьці нашым гандлёва-эканамічным партнэрам».

«Мы не зьбіраемся сябраваць зь некім за кошт некага ці супраць каго-небудзь».

«Складаная формула, але сутнасьць палягае ў тым, што мы хочам мець не адну «падушку бясьпекі», а шмат «падушак бясьпекі».

"І сёньня, якія б інсынуацыі не запускаліся адносна Беларускай атамнай станцыі з падачы, у першую чаргу, палітычна ангажаваных колаў Літвы,байкоту «станцыі не атрымліваецца, нават з боку самых бліжэйшых саюзьнікаў Вільні».

«Беларусь — гэта не крыніца нейкай нестабільнасьці, нейкіх праблем у нашым рэгіёне, ды і ў сьвеце ў цэлым. Беларусь — донар бясьпекі ў сваім рэгіёне».

«Нельга далей жыць у сьвеце, дзе пануе канфрантацыйная рыторыка».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG