Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве абслугоўваньне, рэкляма і шыльды будуць рабіцца па-ўкраінску


Пікетаваньне Кіеўскай гарадзкой рады ў падтрымку праекту рашэньня аб прымяненьні ўкраінскай мовы ў сфэры абслугоўваньня. Кіеў, 20 траўня 2017 году

Кіеўская гарадзкая рада прыняла рашэньне, якое, сярод іншага, вызначае дзяржаўную ўкраінскую мову як першачарговую ў месцах грамадзкага абслугоўваньня ў Кіеве, пры рэалізацыі тавараў і аказаньні паслуг.

Любая іншая мова магчымая на просьбу спажыўца, удакладніў аўтар цяперашняй рэдакцыі рашэньня, дэпутат Кіеўскай рады Юры Сірацюк.

Ён, у прыватнасьці, паведаміў: «Ва ўсіх установах грамадзкага харчаваньня абавязковая наяўнасьць мэню на дзяржаўнай мове. Пры абслугоўваньні наведнікаў пэрсанал абавязваецца прапаноўваць мэню на ўкраінскай, і толькі на патрабаваньне наведніка даваць мэню на любой іншай мове пры яго наяўнасьці».

Таксама вызначаецца, што на тэрыторыі гораду Кіева ўсё назвы установаў, прадпрыемстваў, арганізацыяў, шыльды, плякаты, афішы, публічныя паведамленьні, рэклямныя аб’явы і любыя іншыя формы аўдыё- і візуальнай рэклямнай прадукцыі, інфармацыя для спажыўцоў тавараў і паслуг выконваюцца на дзяржаўнай мове і, паводле меркаваньня ўладальніка такой інфармацыі, на ангельскай і любых іншых мовах. Асобна адзначаецца, што такое правіла не распаўсюджваецца на дыпляматычныя ўстановы і афіцыйныя прадстаўніцтвы міжнародных арганізацыяў, разьмешчаных у Кіеве. Пры гэтым знакі для тавараў і паслуг прыводзяцца ў гаспадарчым і публічным звароце ў тым выглядзе, у якім ім дадзеная прававая ахова ў адпаведнасьці з украінскім заканадаўствам.

У рашэньні, якое мае назву «Аб захадах у забесьпячэньні рэгіянальнай моўнай палітыкі ў горадзе Кіеве», акрамя таго, устанаўліваецца, што мовай працы, справаводзтва і дакумэнтацыі ўсіх органаў мясцовага самакіраваньня, прадпрыемстваў, установаў і арганізацый камунальнай формы ўласнасьці, а таксама афіцыйных аб’яваў і паведамленьняў зьяўляецца дзяржаўная мова.

Гэтае рашэньне, прынятае ў цэлым, стала вынікам ўнясеньня зьменаў у першапачатковы праект «Аб пераадоленьні наступстваў савецкай акупацыі ў моўнай сфэры», які Кіеўская рада прыняла за аснову 20 красавіка, гаворыцца паведамленьні на сайце гарсавету.

У паведамленьні не ўдакладняецца, калі гэта рашэньне павінна набыць моц.

Першапачатковы красавіцкі праект актыўна выкарыстоўвала расейская і прарасейская прапаганда, сказіўшы ягоны зьмест і сьцьвярджаючы пра нібыта пляны «забараніць расейскую мову» ў Кіеве.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG