Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекцыя аб каталёнскай літаратуры з газэты «Пагоня»


Сяргей Астраўцоў

Каталёнія не зьнікае зь першых пазыцый у навінах. І мне здаецца, у душы кожнага сьвядомага беларуса можа прысутнічаць Каталёнія. Такі куточак, сантымэнт. Такі міжвольны, нават падсьвядомы.

Са мной гэта здарылася даўно. Быў толькі 1990 год, я напісаў апавяданьне пад назвай «Лекцыя аб каталёнскай літаратуры».

Заходжу нядаўна да Паўла Мажэйкі ў ягоны Цэнтар гарадзкой культуры, бачу пачак старых газэт. І некалькі асобнікаў «Пагоні», што мяне найбольш зацікавіла. Восеньскі 10-ы нумар за 1992 год. І знаходжу ўнутры сваё гэтае «каталёнскае» апавяданьне. Я тады працаваў у абласной газэце, але пачаў ужо рэдагаваць грамадзкім пачынам «Пагоню», якую рабіць больш не было каму.

Як кажуць, нахлынулі ўспаміны. Ігару Герменчуку тады даслалі запрашэньне на «варштаты» ў Юрмале, якія праводзіў інстытут свабоды прэсы зь Нью-Ёрку. Ігар працаваў у парлямэнце, часу ня меў, а журналістаў у ягонай «Свабодзе» тады не было, штат ён пачне набіраць толькі праз год. Словам, ён прапанаваў мне паехаць. Прапанова файная, але ж тут яшчэ «Пагоня» — дадатковая нагрузка. Давялося падрыхтаваць нумар загадзя, паставіў туды сваю «Лекцыю аб каталёнскай літаратуры». Я напісаў апавяданьне з усьведамленьнем, што пішу газэтную прозу, якая можа выглядаць да месца і на газэтнай старонцы.

Апавяданьне «Лекцыя аб каталёнскай літаратуры» у газэце «Пагоня»
Апавяданьне «Лекцыя аб каталёнскай літаратуры» у газэце «Пагоня»

Чаму я выкарыстаў у назьве далёкую ад нас каталёнскую літаратуру? Каб перадаць свой боль, свае сумневы адносна беларускай. І, перш, каб параўнаць каталёнскую сытуацыю зь беларускай, правесьці паралелі. Што ў апавяданьні? Госьць з Беластоку. У доме адключаюць электрычнасьць. Сьвечак няма. І апавядач з госьцем вырашаюць пайсьці пешшу цераз увесь горад на вакзал, каб ня быць занадта рана, у чалавека начны цягнік.

Яны пайшлі даўжэйшым шляхам, уздоўж ракі. І нават пераплылі яе ў лодцы.

Госьць расказвае, што праслухаў у Сарбоне курс лекцый аб эўрапейскіх літаратурах, беларуская не вывучаецца. Ён узгадвае нататку аб каталёнскай літаратуры Антона Крывіча, які ёю цікавіўся. «Яны страцілі незалежнасьць ў пятнаццатым стагодзьдзі. Як і чэхі. Толькі ў 1859-м былі адноўленыя гэтак званыя «кветкавыя гульні», паэтычныя спаборніцтвы. Кожны паэта чытаў тры свае вершы. Пра Бацькаўшчыну, веру і каханьне».

Гішпанія, якая некалі была магутнай імпэрыяй, стала нямоглай і адсталай. Вайна за калёніі прайграная. Каталёнскі рэнэсанс выглядаў на дэпрэсіўным фоне выклікам. Досыць кашчунным, як магло здавацца ў Мадрыдзе. Чымсьці накшталт балю на руінах. «Ня кожны меў сьмеласьць тады, каб прызнацца публічна, што спавядае ідэі адраджэнскага руху. Імпэрыя хворая, а ўскраіна гэтым часам сьпявае свае жыцьцялюбныя аптымістычны гімны!..»

На разьвітаньне госьць сказаў, што ў дзень свайго патрона Сан-Жордзі каталёнцы дораць адзін аднаму кнігі. Зразумела, на сваёй мове.

Беластоцкі госьць выклікаў на мытні падазрэньне. Спрабаваў перавезьці празь мяжу валізу кніг, якія, па трапнай заўвазе службоўца, «в наших книжных магазинах никто не покупает».

Пасьля паразы ў 1939-м большасьць літаратараў апынуліся ў выгнаньні. «Шмат хто — да апошніх сваіх дзён. Іхнія магілы засталіся на чужыне». Франка скасаваў аўтаномію Каталёніі. У выгнаньні яны захавалі літаратуру, мовы, калі на бацькаўшчыне гэта трапіла пад забарону. Яны былі сапраўдныя пісьменьнікі. «Ніхто зь іх не чакаў ад ворагаў падачак. Легкавых аўто, ордэнаў з баньцікамі…»

1939 год. «І дагэтуль мне незразумела, чаму тады, у той год усе нашы засталіся ў Вільні. Крывіч, якога яны абзывалі ў сваіх газэтках «нацдэмам», выйшаў сустракаць іх з восеньскімі кветкамі. Апошні дзень, калі яго бачылі… Праўда, адзінкам зноў пашанцавала. Ці ня самы таленавіта быў наогул у ласцы і спраўна пісаў вершыкі пра Яго. Але да каталёнскае літаратуры гэта ўжо ня мае ніякага дачыненьня».

Адным словам, я шукаў падабенства ў лёсах беларусаў і каталёнцаў. Савецкая імпэрыя была хворай як некалі гішпанская, а беларускае адраджэньне жыло надзеяй.

У 1992-м у Юрмале я адчуў яшчэ няпэўнасьць існаваньня незалежнай Латвіі, але што гэта асобная дзяржава — сумневу не ўзьнікала. У душы была радасьць, што мы нарэшце таксама маем сваю краіну. Але радасьць азмрочвала пазыцыйная вайна ў «авальнай зале», большасьць не жадала здаваць пазыцыі юрыдычна пахаванай імпэрыі, не жадала даць дыхаць на поўныя грудзі беларускаму адраджэньню.

А што сёньня? Каталёнская Каталёнія так узмацнела, што захацела стаць незалежнай краінай. Беларускаму адраджэньню крышку далі кіслароду. Чарговы раз. Вышыванкі-цацанкі і гд. Але марыць пра беларускую Беларусь? Можна. Моўчкі. Максымум на кухні.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG