Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане ў курс расейскай мовы ўключаны прагляд шоў «Вячэрні Ўргант». Паліцыя шукае ў сацсетках крытыкаў новых падручнікаў


Паліцыя Астаны шукае ў сацсетках крытыкаў новых падручнікаў расейскай мовы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:28 0:00

Юрысты міністэрства адукацыі Казахстана паскардзіліся ў паліцыю на карыстальнікаў Фэйсбуку, якія разьмяшчалі там фатаграфіі новых падручнікаў расейскай мовы. У межах крымінальнай справы крытыкаў новай сыстэмы адукацыі запрасілі на гутарку ў паліцыю.

Грамадзянскага актывіста Казбека Бэйсебаева паліцыянты спрабавалі выклікаць для дачы паказаньняў па тэлефоне. У сваім Фэйсбуку Казбек працытаваў выказваньне прэзыдэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева з нагоды новых падручнікаў. Грамадзкі актывіст задае пытаньне, ці панясе хто-небудзь адказнасьць за няякасныя кнігі.

«Мякка кажучы, па гэтых падручніках ёсьць пытаньні, і чаму такая рэакцыя, мне шчыра, як грамадзяніну і як бацьку вучня, проста вельмі цяжка зразумець», — кажа Казбек Бэйсебаеў.

Акрамя Казбека падобныя званкі атрымалі некалькі карыстальнікаў сацыяльных сетак з розных рэгіёнаў краіны. Абʼядноўвала бацькоў толькі адно — незадаволенасьць якасьцю падручнікаў, па якіх вымушаныя навучацца іх дзеці. У прыватнасьці, тым, што расейскую мову цяпер школьнікі вывучаюць на аснове так званых лінгвістычных казак Людмілы Петрушэўскай. Гэтыя творы цалкам складаюцца зь неіснуючых словаў. А таксама тым, што ў школьны курс уключаны абавязковы прагляд расейскага ТБ-шоў «Вячэрні Ўргант».

Міністар адукацыі і навукі Казахстану Ерлан Сагадзіеў настойвае, што юрыдычны дэпартамэнт яго ведамства зьвярнуўся з заявай у паліцыю толькі па факце ілжывых паведамленьняў.

«Наш юрыдычны дэпартамэнт падаў заяву на завядзеньне крымінальнай справы па фактах фотаздымкаў, якія выдаваліся за казахстанскія падручнікі, і па сутнасьці не зьяўляліся казахстанскімі падручнікамі. Мы абавязаны былі падаць такую заяву. МУС па дадзеным факце, наколькі я разумею, распачало крымінальную справу, працу праводзяць і па меры таго, як будзе зьяўляцца ў іх інфармацыя, яны абавязаныя будуць дакладваць », — паведаміў Сагадзіеў.

Паводле Крымінальнага кодэксу Казахстану паводле артыкулу «пра распаўсюд ілжывай інфармацыі» прадугледжваецца пакараньне ад вялікага грашовага штрафу да пазбаўленьня волі ад трох да сямі гадоў.

Казбек Бэйсебаеў не выключае, што гэта спроба запалохаць людзей, якія адкрыта выказваюць сваю незадаволенасьць рэформамі, якія адбываюцца ў сыстэме адукацыі Казахстану: «Бо ў рэшце, вось гэтыя праблемы або, скажам, пытаньні з падручнікамі, перакладаюцца на нашы галовы, на галовы бацькоў... Адназначна ёсьць пытаньні па падручніках, таму навошта яны так паступілі, выклікае проста зьдзіўленьне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG