Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купалаўскі музэй адкрывае ўнікальную выставу-мэмарыял аб рэпрэсаваных літаратарах


Янка Купала, цытата
Янка Купала, цытата

4 кастрычніка ў Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы стартуе маштабны выставачны праект-мэмарыял «Страчаныя абліччы». Выстава прысьвечана беларускім літаратарам, якія пацярпелі ад рэпрэсій цягам 1920-1950-х гадоў.

Як расказаў навуковы супрацоўнік музэйнай установы Павал Каралёў, у аснове экспазыцыі — арыгінальныя матэрыялы, зьвязаныя з асобай Янкі Купалы.

У канцы 1920-х былі раскулачаныя яго маці і сёстры, многія творы паэта забараняліся цэнзурай, а за некаторыя даводзілася трымаць адказ перад НКВД. Пад уплывам ціску і допытаў з боку карных органаў увосень 1930 году ён робіць спробу самагубства.

Выстава прымеркаваная да 135-годзьдзя Янкі Купалы і прыпадае на 80-годзьдзе піку сталінскіх рэпрэсій.

Афіша праекту-мэмарыялу "Страчаныя абліччы"
Афіша праекту-мэмарыялу "Страчаныя абліччы"

Праект «Страчаныя абліччы» вяртае з забыцьця імёны, якія доўгі час былі выкрэсьленыя зь гісторыі беларускай літаратуры і культуры. Гэта сябры і знаёмцы Янкі Купалы, сярод якіх Цішка Гартны, Уладзімер Дубоўка, Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Адам Бабарэка, Тодар Кляшторны, Юлі Таўбін, Платон Галавач, Уладзімер Жылка, Васіль Каваль, Мікола Нікановіч, Валеры Маракоў, Алесь Звонак, Фларыян Ждановіч, Уладзіслаў Галубок і іншыя.

Турэмныя фотаздымкі, ліставаньне зь блізкімі, асабістыя рэчы дапамогуць адчуць атмастфэру таго страшнага часу. Упершыню ў Беларусі будуць прадстаўлены новыя дакумэнты з асабістага архіву Алеся Дудара. Наведнікі змогуць убачыць знаходкі з Курапатаў — месца гібелі ахвяраў палітычных рэпрэсій.

Праект рэалізуецца Дзяржаўным літаратурным музэем Янкі Купалы сумесна зь Дзяржаўным музэем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музэем літаратуры і мастацтва, Нацыянальным гістарычным музэем Рэспублікі Беларусь.

Наведаць выставу можна да 2 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG