Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь успрымае Латвію «варотамі ў Эўразьвяз», а Латвія хоча далучыцца да беларуска-кітайскага праекту 


Вуліца Альбэрта ў Рызе, ілюстрацыйнае фота

«Латвія для Беларусі — гэта вароты ў Эўразьвяз, а таксама шлях да мора», — заявіў старшыня камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Уладзіслаў Шчэпаў на сустрэчы з дэлегацыяй латвійскіх парлямэнтароў.

Зьвяртаючыся да гасьцей, ён адзначыў, што Беларусь хоча максымальна скарыстаць досьвед Латвіі пры рэфармаваньні эканомікі і заканадаўчага працэсу.

Латвійскі транзыт на поўнач

Кіраўнік латвійскай дэлегацыі, віцэ-сьпікер парлямэнту Гундарс Даўдзе, у адказ сказаў, што ў іх ёсьць жаданьне празь Беларусь і Латвію адчыніць дарогу ў Скандынавію для дзелавых людзей з Кітаю.

«4 кастрычніка мы будзем аглядаць індустрыяльны парк „Вялікі камень“. І вось там будзем прапаноўваць і вам, і кітайцам наш лягістычны досьвед. Мы перакананыя, што Латвія можа стаць трэцяй краінай гэтага праекту, бо менавіта праз нашу тэрыторыю шлях у Скандынавію найбольш зручны».

Напярэдадні Палата прадстаўнікоў ратыфікавала пагадненьне аб супрацы з Эўразьвязам у межах праекту добрасуседзтва Літва — Латвія — Беларусь.

Як сказаў Уладзіслаў Шчэпаў, ратыфікацыя адмыслова не падгадвалася пад прыезд латыскай дэлегацыі, але калі так атрымалася, то гэта добрая прыкмета, каб плённа супрацоўнічаць. І перадусім тым беларусам і латышам, якія жывуць блізка ад дзяржаўнай мяжы.

Супрацы дапаможа спорт

«У 2021 годзе Беларусь і Латвія сумесна прымуць чэмпіянат сьвету па хакеі. І гэта яшчэ адна падстава дзеля таго, каб актывізаваць нашы добрасуседзкія сувязі», — сказаў беларускі дэпутат Валер Барадзеня.

Ён нагадаў, што падчас аналягічнага ўсясьветнага першынства, якое ў 2014 годзе праходзіла ў Менску, латвійскія заўзятары выдзяляліся на фоне іншых сваёй нацыянальнай формай, сваёй адданасьцю роднай краіне.

«Гэта былі сапраўдныя патрыёты, і мы хочам, каб беларусы таксама заўзелі гэтак жа шчыра і патрыятычна», — падсумаваў Валер Барадзеня.

Пры гэтым высьветлілася, што кіраўнік латвійскай дэлегацыі Гундарс Даўдзе ў свой час пасьпяхова выступаў у парусным спорце. Таму ён выказаў асабістую зацікаўленасьць у пашырэньні кантактаў у гэтай дысцыпліне. Тым больш што абсталяваньне для сваёй паруснай гаспадаркі беларусы набываюць якраз у Латвіі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG