Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Украіны распавяло пра затрыманьне банды, якая «распальвала ксэнафобію»


Арсэн Авакаў

Міністар унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў заявіў на брыфінгу ў Кіеве, што праваахоўныя органы затрымалі бандыцкую групу, датычную да злачынстваў па распальваньні варожасьці ва Ўкраіне.

Міністар унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў заявіў на брыфінгу ў Кіеве ў панядзелак, што праваахоўныя органы затрымалі бандыцкую групу, датычную да злачынстваў па распальваньні варожасьці ва Ўкраіне і зьвязаную з былымі членамі «Партыі рэгіёнаў», якая падтрымлівала экс-прэзыдэнта Віктара Януковіча.

Паводле міністра, пры затрыманьні групы былі канфіскаваныя гранаты і спэцыяльнае выбуховае прыстасаваньне з газавым балёнам.

«Мы маем наўпроставыя доказы — гэта ўзоры і аналізы ДНК, паказаньні саміх затрыманых і матэрыялы аналізу і фіксацыі людзей на месцы злачынства», — падкрэсьліў міністар.

Банда, паводле яго, датычная «мінімум да дзевяці злачынстваў на глебе распальваньня ксэнафобіі і міжнацыянальнай варожасьці», — заўважыў Авакаў. Сярод іх — праявы антысэмітызму ў Чарнаўцах, Умані і Львове, кіданьне гранаты на тэрыторыю амбасады ЗША ў Кіеве ў чэрвені 2017 году, кіданьне выбуховага прыстасаваньня на тэрыторыю консульства Польшчы ў Луцку ў ліпені 2017 году, падрыў помніка ўдзельнікам баявых дзеяньняў у Кіеве і раненьне сваякоў Героя Ўкраіны Валерыя Чыбінеева ў Кіеве ў жніўні 2017.

Хто менавіта стаяў на чале банды, міністар не паведаміў. Яго пазаштатны дарадца, народны дэпутат Антон Герашчанка растлумачыў, што «выканаўцы — гэта людзі безь якіх-небудзь палітычных поглядаў, яны гэта рабілі проста за грошы. Ім плацілі за ўдзел у такіх тэрарыстычных актах па 300-500 даляраў».

XS
SM
MD
LG