Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У міліцыі ня ведаюць, ці падпадаюць грамадзяне Расеі пад статус «іншаземцаў» у Беларусі


Паведаміць міліцыі пра іншаземцаў неабходна цягам трох гадзін

Ад 1 кастрычніка набылі сілу зьмены ў закон «Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь».

У адпаведнасьці з дакумэнтам, гатэлі, санаторна-курортныя і аздараўленчыя арганізацыі, суб’екты аграэкатурызму, юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія здаюць жыльлё, на працягу трох гадзін павінны ўведаміць органы міліцыі пра засяленьне іншаземцаў.

Інфармацыю пра замежных грамадзянаў, якія часова знаходзяцца ў Беларусі, можна накіраваць «нарачным», праз адзіны партал электронных паслугаў ці аўтаматызаваную інфармацыйную сыстэму «Гасьцініцы».

Як удакладняецца на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, адмова ад перадачы зьвестак ці парушэньне тэрмінаў інфармаваньня пацягнуць штраф у памеры ад 4 да 20 базавых велічынь.

А што з расейцамі? Ніхто ня ведае

Разам з тым у аддзелах грамадзянства і міграцыі пры ўпраўленьнях унутраных спраў на пытаньне Радыё Свабода так і не змаглі патлумачыць, ці трэба інфармаваць органы правапарадку пра засяленьне грамадзянаў Расеі.

Фармальна жыхары так званай «саюзнай дзяржавы» маюць аднолькавыя правы зь беларусамі і, калі зыходзіць з гэтага, ня лічацца ў Беларусі іншаземцамі.

Удакладніць, ці так гэта, у дэпартамэнце грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі адмовіліся, у прэсавай службе УУС Менгарвыканкаму адказалі, што ня ў курсе справы.

Ва ўпраўленьні грамадзянства і міграцыі Менскага аблвыканкаму пасьля працяглых кансультацыяй прыйшлі да высновы, што паведамляць пра расейцаў усё ж трэба — маўляў, ніякіх выключэньняў з правілаў ім не даводзілі.

У грамадзкай арганізацыі «Адпачынак у вёсцы», якая аб’ядноўвае аграсядзібы па ўсёй краіне, таксама ня ведаюць, ці трэба падаваць у міліцыю зьвесткі пра расейцаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG