Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое «калюсынка», чаму пра яе ня ведае Google, але ведаюць у Карме


У райцэнтры Карма на Гомельшчыне 30 верасьня ўшаноўвалі лён — зладзілі фэст пад назвай «Ільняная карусэль».

Распачаўся фэст «ільняным парадам». У цэнтры плошчы ўзвышалася ў кужэльных строях «Калюсынка» — у мясцовай традыцыі гэта душа й абароньніца лёну. Гэта чыста кармянскае слова, яго ня знойдзеш нават у інтэрнэтных пашуковіках.

На Кармяншчыне штогод адводзяць пад вырошчваньне лёну звыш тысячы гектараў зямлі, а тутэйшы ільнозавод, які дае працу многім жыхарам, выпускае каля паўтары тысячы тон ільновалакна.

«Лён, калі ён цьвіце, — гэта неба на зямлі. Здавён лён апранаў беларусаў, упрыгожваў жытло рознымі побытавымі рэчамі. Алей, кісялі ды напоі з насеньня лёну лекавалі нашых продкаў. А ў народнай творчасьці лён заўсёды сымбалізаваў чыстыя помыслы й дабрыню, — кажа Зінаіда Белавусава зь вёскі Каменка.


На «ільняным падворку» у парку райцэнтру расказвалі пра традыцыі беларусаў, дэманстравалі вырабы і строі зь лёну і нават супольна ткалі на кроснах сьвяточны ручнік.

Фэст «Ільняная карусэль» падтрыманы праз праект «Садзейнічаньне разьвіцьцю на мясцовым узроўні ў Беларусі», які фінансуе Эўрапейскі зьвяз у межах Праграмы разьвіцьця ААН.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG