Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарсуд зьмякчыў прысуд украінцу, які не вярнуў 7 тысяч знойдзеных даляраў


Пересчет денег, архивное фото

Менгарсуд зьмяніў рашэньне Фрунзэнскага раённага суду ў справе грамадзяніна Ўкраіны Руслана Ш., якога ў ліпені асудзілі на 2 гады паводле абвінавачаньня ў крадзяжы 7 тысяч даляраў. Абвінавачаны настойваў на тым, што ня краў грошы, а толькі своечасова не вярнуў гаспадару тое, што той згубіў, а ён выпадкова знайшоў.

Гісторыя адбылася сёлета ў траўні ў офісе аднаго зь менскіх банкаў, дзе Руслан Ш. працаваў дызайнэрам. Абвінавачаны пайшоў паесьці ў сталоўку і там на падносе для выкарыстанага посуду ўбачыў пакунак.

Аказалася, унутры былі 7070 даляраў. Дызайнэр узяў грошы, нікому не сказаў пра знаходку, вынес яе з банку і схаваў у камэры для захоўваньня рэчаў суседняй прадуктовай крамы. Там жа ў краме падсудны патраціў частку даляраў на пакупку ежы. Але на заўтра яго на працы знайшлі ахоўнікі банку і запыталіся пра знаходку.

Вось тады Руслан Ш. ўсё расказаў, добраахвотна вярнуў грошы пацярпеламу і далей актыўна супрацоўнічаў са сьледзтвам. Магчыма, занадта актыўна, бо, як паводле жонкі падсуднага, ён дарэмна падпісаў паперу аб намеры зрабіць злачынства.

«Гэтага ня варта было рабіць, яго падманулі, сказалі, каб прызнаў крадзеж, дык будзе лёгкае пакараньне, умоўнае. Але ўмоўнае пакараньне для іншаземцаў, а мой муж —грамадзянін Украіны, беларускі закон не прадугледжвае. Сьледчыя яго папросту падманулі», — мяркуе жонка дызайнэра.

Адвакат абвінавачанага таксама лічыць, што прысуд Руслану Ш. трэба было адмяніць.

«Дакладна вызначыўшы абставіны справы і дзеяньні падсуднага з грашыма, суд першай інстанцыі зрабіў недакладную іх кваліфікацыю. Гэта быў не крадзеж у асабліва вялікім памеры, а незаконнае прысабечваньне страчанай маёмасьці. Іншы артыкул і іншая адказнасьць», — даводзіла апэляцыянай калегіі Менгарсуду абаронца.

Вэрсія пракуратуры

У пракурора, аднак, быў свой погляд на ступень вінаватасьці грамадзяніна Ўкраіны. Ён спаслаўся на відэа, якое ў дзень здарэньня зьнялі камэры ў банку. Паводле пракурора, на відэа відаць, як Руслан. Ш. знаходзіць згубленыя грошы, але што ён робіць зь імі далей?

«У банку ён сутыкаўся з пацярпелым, які ўжо шукаў грошы, але нічога таму і нікому не сказаў. Прыняў захады, каб вынесьці грошы, якімі авалодаў незаконна, з банку і схаваў іх у камэры захоўваньня рэчаў у краме. Таму кваліфікацыя ўчынку Руслана Ш. як крадзеж дакладная», — заявіў судзьдзям пракурор.

Між тым суд усё ж вырашыў зьмяніць прысуд і прызначыць Руслану Ш. больш мяккае пакараньне — штраф у 300 базавых велічынь, альбо 6900 рублёў — ды вызваліць яго з-пад варты.

Таксама падсуднаму адмененая забарона на выезд зь Беларусі. Верагодна, суд улічыў, што на ўтрыманьні ўкраінца знаходзяцца трое малых дзяцей, ягоныя станоўчыя характарыстыкі ды тое, што пацярпелы, які згубіў грошы, ня мае да яго прэтэнзій.

XS
SM
MD
LG