Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Беларусі: апошнія расейскія вайскоўцы зьедуць з вучэньняў 29 верасьня


Апошні расейскі вайсковец, які браў удзел у вучэньнях «Захад-2017», пакіне тэрыторыю Беларусі 29 верасьня. Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказаў прэс-сакратар галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімер Макараў.

«Апошні эшалён зьяжджае 29 верасьня. Практычна ўсе зьехалі, там яшчэ адзін эшалён застаецца. Як мы і казалі, да 30 верасьня ўсе зьяжджаюць. Апошнія — гэта тылавое забесьпячэньне. Баявая тэхніка ўжо зьехала, гэта адназначна», — сказаў Уладзімер Макараў.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 20 верасьня заявіў, што праз тыдзень пытаньне прысутнасьці расейскіх войскаў адпадзе само па сабе.

Раней генэрал-маёр Алег Белаконеў запэўніў, што да 30 верасьня расейскія войскі вернуцца на месцы сваёй сталай дысьлякацыі ў Расеі.

Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што расейская авіяцыя, якая ўдзельнічала ў вучэньнях, пакіне Беларусь цягам двух дзён.

Прадстаўнікі суседніх краін і беларускія апазыцыйныя палітыкі выказвалі засьцярогу, што расейскія войскі пасьля вучэньняў могуць застацца ў Беларусі.

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзілі на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня. Паводле афіцыйных зьвестак, у іх узялі ўдзел каля 3000 расейскіх вайскоўцаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG