Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казакевіч адказвае Мацкевічу: Казаць пра зьніжэньне ўзроўню Кангрэсу няма падставаў


Андрэй Казакевіч

У нядаўнім «Інтэрвію тыдня» мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч крытычна выказаўся на адрас Кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі. Адзін з арганізатараў форуму, дырэктар Інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч у адмысловым лісьце на Радыё Свабода адказвае на гэтыя крытычныя заўвагі.

Стан сучаснай навукі варты асобнай дыскусіі, але не ў фармаце СМІ. Агульны крытычны пасыл Уладзіміра Мацкевіча я падтрымліваю, але ня згодны ў дэталях.

Сучасная навука і акадэмічная сфэра — ня толькі прастора для мысьленьня ці дыскусіі, дакладней там усё такое не галоўнае. Гэта разгалінаваная індустрыя, у якую ўкладаюць і на якой зарабляюць мільярды USD, на якую працуюць сотні тысяч людзей. Часы самотных геніяў, якія ў сваіх невялікіх лябараторыях ці бібліятэках маглі адкрыць законы космасу і грамадзтва, даўно мінулі. Няважна, добра гэта ці кепска.

У сацыяльных і гуманітарных навуках яшчэ магчымыя індывідуальныя прарывы, але істотныя дасягненьні ўсё больш залежаць ад значных укладаньняў — або ў самі дасьледаваньні, або (што цяпер асабліва важна!) у маркетынг вынікаў. Каб гэта зразумець, дастаткова паглядзець на сучасных «зорак».

Не пагаджуся, што гуманітарныя навукі мэтадалягізуюцца, яны таксама тэхналягізуюцца. Стварэньне канцэптуальных схемаў грамадзтва і палітыкі ўжо даўно не адбываецца (апошні заўважны ўсплёск — 1990-я). Збольшага мы выкарыстоўваем схемы, складзеныя не пазьней за 1970-х, а гэта значыць каля 50 гадоў таму. Не бракуе спробаў зьмяніць такі стан рэчаў і прапанаваць «новае», але на глябальным узроўні не замацоўваецца такая альтэрнатыва. Можа калі-небудзь, але не ў бліжэйшай будучыні.

Сацыяльныя і гуманітарныя навукі ўсё больш накіраваныя на вырашэньне лякальных і практычных задач. Усё большае значэньне для пасьпяховасьці мае мэтадалягічная (а часам і палітычная) гнуткасьць, калектыўная гульня, бесканфліктнасьць і г. д. Таму цікавасьць да вострых дыскусіяў на акадэмічным поле падае, хаця існуюць і іншыя прычыны.

Крыху пра Кангрэс. Казаць пра зьніжэньне якасьці працаў няма падставаў. Варта згадаць, што некалькі гадоў мы ўвогуле не маглі зрабіць конкурсу манаграфіяў па сацыяльна-палітычных навуках. Вартых увагі кніг было 1-3. Апошнія гады конкурс адбываецца. Я не магу адназначна казаць пра пазытыўную тэндэнцыю (хоць сам разглядаю гэта менавіта так), але і пра адмоўную казаць не выпадае.

Цікавасьць замежных дасьледчыкаў да кангрэсу не зьніжаецца. Статыстыка сьведчыць пра адваротнае. У 2016 доля прадстаўнікоў замежных унівэрсытэтаў узрасла з 27% да 36,3%. За 2017 год статыстыкі пакуль ня маем, але зьніжэньне малаверагоднае.

Калі казаць пра выбітных дасьледчыкаў, то іх удзел — гэта напружаная праца, перапіска і абавязковае пакрыцьцё ўсіх выдаткаў. Часам на гэта не хапае арганізацыйных рэсурсаў. А часам выбітныя дасьледчыкі прыяжджаюць і «халтураць». Таму іх прысутнасьць — гэта яшчэ не гарантыя плённых дыскусій.

Дамінаваньне магістрантаў таксама не пацьвярджаецца статыстыкай. Доля ўдзельнікаў без магістарскай ступені не перавышае 10% (пры гэтым доля сярод іх уласна навучэнцаў яшчэ меншая), магістры складаюць каля 1/3, рэшта — кандыдаты і дактары навук. Значную прысутнасьць на Кангрэсе маладых навукоўцаў я б адназначна лічыў плюсам.

І яшчэ адзін момант. Кансорцыум «ЭўраБеларусь» (разам з АГТ Уладзімера Мацкевіча) ад пачатку быў суарганізатарам Кангрэсу і меў усе магчымасьці вызначаць яго зьмест і фармат праз пасяджэньні арганізацыйнага камітэту, пакуль не самаўхіліўся ад гэтай функцыі апошнімі гадамі.

XS
SM
MD
LG