Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна экстрадуе ў Гішпанію беларуса за легалізацыю незаконных грошай


Ілюстрацыйнае фота

Украіна арыштавала грамадзяніна Беларусі Сяргея Гічка (Siarhei Hichko), якога з 27 траўня вышукавалі праваахоўныя органы Гішпаніі паводле абвінавачаньня ва ўдзеле і стварэньні арганізаванай злачыннай групоўкі для адмываньня грошай, атрыманых незаконным шляхам. Адпаведна судоваму рашэньню пра экстрадыцыйны арышт, цяпер беларус знаходзіцца ў Луцкім сьледчым ізалятары.

Сяргей Гічко арыштаваны на запыт кампэтэнтных органаў Гішпаніі на падставе адпаведнай пастановы Першага сьледчага суду гораду Фуэнлабрада (правінцыя Мадрыд) ад 26 траўня. Як адзначаецца ў рашэньні суду, беларус абвінавачваецца ў злачынствах, што былі ўчыеныя ў 2014-2015 гадах.

У той жа час у пастанове суду не ўдакладняюцца маштабы фінансавых апэрацый Сяргея Гічка і ягоныя сувязі з канкрэтнай злачыннай групоўкай.

Пастанова суду
Пастанова суду

Вядома, што ўлады Гішпаніі ўжо некалькі гадоў расьсьледуюць справу «рускай мафіі», у межах якой, пачынаючы з 2008 году, правялі некалькі гучных арыштаў, у тым ліку Генадзя Пятрова, якога сьледзтва называла лідэрам «тамбоўскай» групоўкі.

Летась з падазрэньня ў адмываньні грошай і сувязях з «тамбоўскай» злачыннай групоўкай падчас адначасовай спэцапэрацыі ў чатырох гішпанскіх гарадах былі затрыманыя шэсьць расейцаў, адзін украінец і гішпанец, які аказваў юрыдычныя паслугі ў гэтай сфэры.

Напярэдадні, 26 верасьня, у Гішпаніі затрымалі 11 грамадзян Расеі, у тым ліку вядомага бізнэсмэна Аляксандра Грынберга ды Арнольда Тама (Арнольда Сьпівакоўскага), які падазраецца ў сувязях з бізнэсмэнам Сямёнам Магілевічам. Паводле вэрсіі сьледзтва, праз футбольны клюб Грынберга «Марбельля» маглі быць адмытыя 30 мільёнаў эўра.

XS
SM
MD
LG