Беларускі бізнэсовец Аляксей Жукаў мае прадаць 75% ТАА «Алютэх», вытворцы варотаў і ралетаў, нямецкай кампаніі Hoermann, піша «Ежедневник» са спасылкай на зьвесткі нямецкага Фэдэральнага ўпраўленьня ў пытаньнях канкурэнцыі.
Насамрэч немцы набываюць ня сам «Алютэх», а кіпрскую Elutek Investments, якой належаць актывы «Алютэху» і ў якой адным з уладальнікаў ёсьць Жукаў. Сума ўгоды не называецца.
«Алютэх» заявіў, што «чутак не камэнтуе».
Адзін з самых пасьпяховых прыватных бізнэсаў Беларусі
Створаны Жукавым у 1996 годзе, «Алютэх» лічыўся адным з самых пасьпяховых прыватных бізнэсаў Беларусі, на рынку ралетных сыстэмаў і сэкцыйных варотаў кампанія была адным зь лідэраў у СНД.
У холдынг уваходзяць тры вытворчыя прадпрыемствы Беларусі, адно ў Расеі і адно ва Ўкраіне. Кампанія спрабавала пашырыць бізнэс на Цэнтральную Эўропу: спачатку адкрыла дыстрыбутарскую кампанію ў Чэхіі, а ў 2013 годзе набыла аднаго зь лідэраў рынку Эўразьвязу, нямецкую Guenther-Tore Systems, паралельна праводзіла шматмільённую праграму мадэрнізацыі ўласных магутнасьцяў. У тым жа годзе Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў Жукава ордэнам Айчыны III ступені.
Але калі яшчэ ў 2016 годзе Жукаў быў на 10-м месцы ў топе пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі паводле «Ежедневника», у 2017-м ён меў толькі 24-е месца. Нямецкі завод у 2016 годзе пачаў працэдуру банкруцтва (у «Алютэху» казалі, так і трэба — вытворчасьць будуць пераносіць у Беларусь, а ў Нямеччыне будзе толькі дыстрыбуцыя), а затым быў набыты той самай Hoermann. Рынак Эўразійскага эканамічнага саюзу, піша «Ежедневник», тым часам значна зьменшыўся ў аб’ёмах. Сам Жукаў у 2016 годзе наракаў, што з заходнімі кампаніямі ў яго здарыўся «міжкультурны канфлікт».