Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не хварэю на імпэрскія хваробы». 15 цытатаў з выступу Людмілы Ўліцкай у Менску. Відэа


Сьвятлана Алексіевіч і Людміла Ўліцкая
Сьвятлана Алексіевіч і Людміла Ўліцкая

Пра што казала расейская пісьменьніца на паседжаньні Інтэлектуальнага клюбу нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч у Менску 26 верасьня.

1. Мы многія рэчы ведаем, але не прамаўляем. Нашая [пісьменьніцкая] прафэсія шчасьлівая — прымушае дадумваць да канца. Апранаць думкі ў слова — праца, карысная ўсім. Яна ўсіх моцна ачышчае. Ты ставіш дыягназ сабе, асяродзьдзю. А ці будзе ад гэтага карысьць, ці станеш ты пісьменьнікам — гэта абсалютна іншае пытаньне.

Сьвятлана Алексіевіч і Людміла Ўліцкая
Сьвятлана Алексіевіч і Людміла Ўліцкая

2. Людзі зь цяжкасьцю гавораць пра тое, пра што яны вырашылі забыць.

3. У кожнага чалавека ёсьць свая мяжа — мяжа болю, мяжа страху. Калі ты гэта ўсьведамляеш у сабе, усьведамляеш свае магчымасьці — гэта карысна. Я свае магчымасьці добра ведаю і, думаю, маю нашмат менш страху цяпер, чым у маладыя гады.

4. Наш час фантастычна цікавы. Такога яшчэ не было. Было горш, было лепш. Цяпер шмат рэчаў, якія выклікаюць агіду. Але маральная мяжа — кожны чалавек праводзіць гэтую лінію сам. У сваім асяродзьдзі я ведаю дастаткова людзей, якія паводзяцца выключна прыстойна.

Паседжаньне Інтэлектуальнага клюбу Сьвятланы Алексіевіч 26 верасьня 2017
Паседжаньне Інтэлектуальнага клюбу Сьвятланы Алексіевіч 26 верасьня 2017

5. Чым добрая дзяржава розьніцца ад кепскай? Добрая — чуе, а кепскай — напляваць.

6. Кожная заўважная яскравая кніга праз тры месяцы перакладаецца на трыццаць моваў. Мы ўступілі ў такі абшар, дзе зьнікае сэнс размаўляць пра тое, што будзе з асобнай расейскамоўнай літаратурай. Сьвет стаў жыць адзіным жыцьцём.

7. Сёньня самае прыкметнае, што мы бачым у расейскай культуры, — гэта тэатар.

Сьвятлана Алексіевіч і Людміла Ўліцкая
Сьвятлана Алексіевіч і Людміла Ўліцкая

8. Агрэсія — гэта якасць, уласьцівая ўсякай жывой істоце. Калі гэтай якасьці няма, яна гіне ў першую ж хвіліну, як зьяўляецца на сьвет. Агрэсія ў прыродзе — адзін з мэханізмаў эвалюцыі. Недзе для выжываньня яна вельмі патрэбная і карысная, а недзе яна робіцца небясьпечная. Тое, што чалавецтва ня можа знайсьці гэтую меру для сябе, — жахліва.

9. Сёньня час, калі добра можаш рабіць толькі ты асабіста. Гэта будзе самая выбуховая пратэстная рэакцыя на тое, што нам не падабаецца.

10. Царква мусіць быць гнанай. Калі царква пераможная, ёй прыходзіць канец.

11. Хрысьціянінам быць немагчыма. Патрабаваньні, якія ставіць сёньня царква да сваіх прыхаджанаў, невыканальныя. Можаце лічыць мяне расстрыгай. Але спадзяюся, што калі я памру, мяне адпяюць.

12. Я з ракавай сям’і. Жыву ўжо 7 год. Рак увесь час перамагаюць. Многія віды раку вылечваюцца.Статыстыка на гэты конт цудоўная, нават у нашай краіне.

13. Адзін чалавек можа зрабіць шмат. Я ведаю. Ад нас нешта залежыць.

14. Я не выношу палітыкі, гэта ня мой занятак. У сытуацыі ўсякай барацьбы я сваё месца бачу як месца назіральніка.

15. [Расейская] інтэлігенцыя пакутуе ад імпэрскіх комплексаў, зь якімі яна сутыкаецца. Мы ня можам адмысловым чынам ставіцца да Беларусі, Літвы, іншай краіны... Гэта заўжды культурныя, чалавечыя сувязі. Я думаю, што не хварэю на імпэрскія хваробы. Я так пакутую ад агіднасьці гэтага «старэйшага брата», што мяне наўрад ці можна гэтым папракнуць.

Свабода вяла жывую трансьляцыю з паседжаньня Клюбу.

Людміла Ўліцкая — пісьменьніца і сцэнарыстка, аўтарка больш чым двух дзясяткаў раманаў, п’есаў і кінасцэнароў. Яна ляўрэатка прэміі «Расейскі Букер» за раман «Казус Кукоцкага», прэміі «Вялікая кніга» за раман «Даніель Штайн, перакладнік», прэміі Грынцанэ-Кавур за раман «Шчыра ваш, Шурык» (Італія), кавалер ордэна Ганаровага легіёну (Францыя) і г. д. У 2007 годзе Людміла Ўліцкая заснавала Фонд падтрымкі гуманітарных ініцыятываў. Уліцкая крытыкуе палітыку расейскага кіраўніцтва на чале з Уладзімірам Пуціным, асудзіла анэксію Крыму і ўмяшаньне Расеі ў падзеі на ўсходзе Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG