Парлямэнт Грузіі прыняў у трэцім, канчатковым чытаньні папраўкі ў Канстытуцыю. Згодна зь імі, ад 2023 году адмяняюцца ўсенародныя выбары прэзыдэнта. Кіраўніка краіны будзе выбіраць адмысловая калегія з 300 чалавек.
Унесьці папраўкі ў Канстытуцыю прапанавала кіруючая партыя «Грузінская мара». Прадстаўнікі апазыцыі адзначаюць, што прэзыдэнт ператворыцца ў сымбалічную фігуру і выказваюць сваю незадаволенасьць рэформай.
Паводле дадзеных «Радыё Свабода», прэзыдэнт Грузіі Георгі Маргвелашвілі можа скарыстацца правам вета і ў бліжэйшыя дні заблякаваць дакумэнт. Аднак парлямэнцкая большасьць заяўляе аб сваёй гатоўнасьці пераадолець гэты барʼер.
За папраўкі прагаласавалі 117 дэпутатаў. Трое прагаласавалі супраць. Апазыцыйныя партыі «Адзіны нацыянальны рух» і «Эўрапейская Грузія — рух за свабоду» ад галасаваньня адмовіліся.