Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША адмаўляюць абвяшчэньне вайны Паўночнай Карэі


Сара Гакабі Сандэрс

ЗША заявілі, што не знаходзяцца ў стане вайны з Пхэньянам. Пра гэта паведаміў «Голас Амэрыкі».

«Мы не абвяшчалі вайну Паўночнай Карэі, і, шчыра кажучы, гэткая здагадка — абсурд», — заявіла журналістам у панядзелак прэсавая сакратарка Белага дому Сара Гакабі Сандэрс.

За некалькі гадзінаў да гэтага ў штаб-кватэры ААН міністар замежных справаў Паўночнай Карэі Лі Ён Хо выказаў менавіта такое меркаваньне, спаслаўшыся на заяву прэзыдэнта Дональда Трампа ў Твітэры аб тым, што рэжым у Пхэньяне «доўга не працягне», калі КНДР рэалізуе свае пагрозы.

Лі Ён Хо сказаў, што, «улічваючы той факт, што гэта зыходзіць ад чалавека, які займае пасаду прэзыдэнта ЗША, гэта, відавочна, зьяўляецца абвяшчэньнем вайны».

Міністар дадаў, што ААН і ўвесь сьвет павінны ясна памятаць, што менавіта ЗША «абвясьцілі вайну нашай краіне».

Кіраўнік паўночнакарэйскага МЗС папярэдзіў, што яго краіна можа зьбіць амэрыканскія стратэгічныя бамбавікі нават калі яны не знаходзяцца ў паветранай прасторы КНДР.

У 1969 году паўночнакарэйскі зьнішчальнік зьбіў няўзброены самалёт-выведнік ВМС ЗША за межамі паўночнакарэйскай паветранай прасторы ў Японскім моры, у выніку чаго загінулі 30 маракоў і адзін марскі пяхотнік.

Выступаючы на канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі ў панядзелак, дарадца па нацыянальнай бясьпецы прэзыдэнта ЗША Гербэрт МакМастэр заявіў, што ЗША спадзяюцца пазьбегнуць вайны з Паўночнай Карэяй, «але чаго мы ня можам зрабіць, так гэта пазьбегнуць такой магчымасьці».

МакМастэр дадаў, што ЗША абдумваюць некалькі шляхоў вырашэньня праблемы Паўночнай Карэі, і «некаторыя зь іх горшыя за іншыя».

Выступаючы на канфэрэнцыі, арганізаванай Інстытутам дасьледаваньняў вайны, МакМастэр сказаў, што «няма такога кропкавага ўдару, які вырашыў бы праблему».

Адным зь мірных рашэньняў магла б быць згода Пхэньяну на тое, каб дапусьціць у КНДР інспэктараў МАГАТЭ, адзначыў дарадца прэзыдэнта ЗША. Але любыя дыпляматычныя перамовы «давядзецца праводзіць ва ўмовах, якія адрозьніваюцца ад папярэдніх перамоваў», сказаў ён, дадаўшы, што ў яго няма сьпісу папярэдніх умоваў.

Некаторыя аналітыкі лічаць, што шлях да перамоваў па-ранейшаму ідзе праз Пэкін, які нядаўна спыніў банкаўскія сувязі з Паўночнай Карэяй, спыніў пастаўкі звадкаванага прыроднага газу ў КНДР і адмовіўся ад імпарту паўночнакарэйскага тэкстылю.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG