Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жоўты пясочак» паводле Быкава пакажуць па ўсёй Меншчыне. А вось у Менску перастрахаваліся


Фрагмэнт зь фільму «Жоўты пясочак»

Цягам трох дзён у кінатэатрах шэрагу райцэнтраў Менскай вобласці адбудзецца паказ мастацкага фільму «Жоўты пясочак» рэжысэра Аляксея Туровіча паводле аднайменнага апавяданьня Васіля Быкава.

Прэзэнтацыя стужкі, якая расказвае пра расстрэлы «ворагаў народу» ў Курапатах, адбылася 16 верасьня ў Менску. Больш як з двух дзясяткаў сталічных кінатэатраў толькі «Масква» ўключыла фільм у рэпэртуарны плян, і тое абмежаваўшыся аднымі выходнымі. Усе астатнія ад паказу катэгарычна адмовіліся.

А вось у рэгіёнах адміністрацыі ўстановаў аказаліся больш адважнымі. Сёньня «Жоўты пясочак» будзе паказаны ў Маладэчне, Слуцку і Жодзіне. Заўтра да эстафэты далучыцца адразу дзясятак гарадоў — Нарач, Старыя Дарогі, Беразіно, Крупкі, Чэрвень, Нясьвіж, Валожын, Дзяржынск, Мар’іна Горка, Барысаў; паўторна пакажуць фільм у Слуцку і Жодзіне. 28 верасьня апошні на Меншчыне дзённы сэанс адбудзецца ў Чэрвені.

Аднаасобнік Аўтух падпісвае прызнаньне, кадр зь фільму
Аднаасобнік Аўтух падпісвае прызнаньне, кадр зь фільму

Як сказаў Свабодзе рэжысэр «Жоўтага пясочку» Аляксей Туровіч, яму самому давялося езьдзіць па гарадах і асабіста ўгаворваць кіраўнікоў кінатэатраў узяць фільм хоць бы на адзін паказ.

Цяпер Туровіч маецца паспытаць шчасьця ў іншых абласьцях Беларусі.
Хранамэтраж «Жоўтага пясочку» крыху большы за гадзіну, мова герояў — расейская.

Падчас менскай прэм’еры гучалі прапановы зрабіць беларускамоўны дубляж, бо ў цяперашняй вэрсіі фільм папросту не адпавядае гістарычнай праўдзе — цяжка нават уявіць, каб селянін Аўтух ці паэт Гром у жыцьці гаварылі па-расейску.

Асуджаныя на расстрэл, кадр зь фільму
Асуджаныя на расстрэл, кадр зь фільму

Аднак бяз вонкавай падтрымкі беларуская агучка можа адтэрмінавацца на няпэўны час. Аляксей Туровіч зьняў стужку цалкам на свае грошы, дзяржава ня ўклалася ні капейкай.

На апошнім этапе яму нават давялося ўзяць крэдыт больш як на 6 тысяч даляраў, каб расплаціцца з гукарэжысэрам. Цяпер штомесяц выплачвае 250 даляраў за пазыку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG