Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя Макрона прайграла выбары ў сэнат Францыі


Сэнат Францыі

Нядзельныя частковыя выбары ў сэнат пацьвердзілі перамогу правай партыі «Рэспубліканцы», якія атрымалі 159 крэслаў. Партыя прэзыдэнта рэспублікі Эманюэля Макрона заняла толькі пятае месца. Пра гэта паведамляе радыё France Internationale.

На другім месцы нечакана апынулася партыя сацыялістаў, якой напярэдадні выбараў камэнтатары абяцалі правал. У Сацыялістычнай партыі Францыі будзе 79 месцаў у сэнаце. Партыя прэзыдэнта атрымала толькі 27 месцаў.

Такім чынам, у Эманюэля Макрона не будзе канстытуцыйнай большасьці ў абедзьвюх палатах парлямэнту, неабходнага для ўнясеньня паправак у канстытуцыю. Партыя прэзыдэнта мае перавагу ў ніжняй палаце парлямэнту (360 дэпутацкіх месцаў з 577-мі), але ў сэнаце яна ў выразнай меншасьці. Для канстытуцыйнай рэформы ўраду неабходна мець большасьць 3/5 ад усіх парлямэнтароў і ніжняй, і верхняй палатаў.

Паводле Le Monde, калі посьпеху на выбарах у Нацыянальны сход у чэрвені партыя «Наперад, Рэспубліка!» абавязаная перш за ўсё Макрону, то і за правал трэба яму «дзякаваць». У першыя восеньскія дні ўрад і прэзыдэнт зрабілі шэраг заяваў, якія напалохалі дэпутатаў мясцовых органаў кіраваньня. А менавіта яны выбіраюць прадстаўнікоў у сэнат.

У першую чаргу гаворка ідзе пра зьніжэньне дзяржаўных датацыяў муніцыпалітэтам, была скасаваная так званая «парлямэнцкая рэзэрва», якая дазваляла кожнаму дэпутату выдаткоўваць штогод па некалькі дзясяткаў тысячаў эўраў на розныя субсыдыі ў сваёй выбарчай акрузе. І нарэшце, гэта закон аб працы, згодна зь якім мясцовым органам кіраваньня ня будуць выдзяляцца сродкі на дапамогу беспрацоўным.

Паводле Le Monde менавіта гэтыя законы і заявы Макрона аб строгай эканоміі дзяржаўнага бюджэту ў значнай ступені вызначылі выбар дэпутатаў мясцовых органаў кіраваньня пры галасаваньні ў сэнат.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG