Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасольства Беларусі ў Кіеве адказала пратэстам на нікім больш не заўважаны пікет анархістаў


Пасольства Беларусі ў Кіеве

Пасольства Беларусі ў Кіеве з прычыны акцыі анархістаў зьвярнулася да Міністэрства замежных спраў Украіны з пратэстам, у якім патрабуе гарантаваць бясьпеку функцыянаваньня дыпляматычнай установы і правесьці расьсьледаваньне «хуліганскіх дзеяньняў» актывістаў.

«Гэтая акцыя адбывалася спантанна. У ёй бралі ўдзел каля 20 маладых людзей, якія паводзілі сябе агрэсіўна, палілі фаеры і выгуквалі антыбеларускія лёзунгі. Менавіта таму мы і заявілі пратэст», — сказалі Свабодзе ў беларускім пасольстве.

Акцыя анархістаў, якая адбылася 23 верасьня пад будынкам беларускага пасольства, зусім не асьвятлялася ў мясцовых сродках масавай інфармацыі. Яна праводзілася ў знак салідарнасьці з арыштаванымі ў Беларусі анархістамі — Зьмітром Паліенкам і Кірылам Аляксеевым.

Удзельнікі пікету пад выгукі «Сьмерць дыктатару» павесілі на плоце пасольства пудзіла.

Ва ўпраўленьні Нацыянальнай паліцыі Кіева Свабодзе сказалі, што беларускае пасольства не зьвярталася з заявай у праваахоўныя органы.

«Не было зваротаў ні ў дачыненьні да акцыі, ні наконт узмацненьня аховы пасольства. Афіцыйнага звароту не было», — сказала прэсавы сакратар ведамства Аксана Блішчык.

Пасьля заявы беларускага пасольства анархісты заявілі, што і далей будуць праводзіць акцыі салідарнасьці і «парушаць спакой дыпляматычнага корпусу, да таго часу, пакуль у турмах у Беларусі будуць знаходзіцца палітвязьні».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG