Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кубак Свабоды» заваявалі футбалісты Партыі БНФ


Аляксей Янукевіч (ПБНФ) і Анатоль Лябедзька (АГП)

Пераможцам турніру па футболе «Кубак Свабоды» памяці памерлага беларускага палітыка Генадзя Карпенкі, які сёлета праводзіўся 20-ты раз, стала каманда Партыі БНФ.

«Турнір праводзіцца ўжо 20 гадоў. Гэта сур’ёзная гісторыя, былі бітвы і жарсьці. Мы другі год прайграем ў фінале па пэнальці. Гэтым раз Партыі БНФ. Але нічога, мы згулялі добра», — сказаў агенцтву БелаПАН старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Трэцяе месца ў турніры заняла каманда руху «Беларускі рух».

Лябедзька адзначыў, што першапачаткова правядзеньне турніру плянавалася на некалькі тыдняў раней, «аднак, нягледзячы на пералічаныя грошы, у яго правядзеньні было адмоўлена».

Палітык сказаў, што правядзеньне турніру зарадзілася ня 20 гадоў таму, а раней. У ім, адзначыў ён, гуляў і сам Генадзь Карпенка, а таксама зьніклы палітык Віктар Ганчар і вядомыя ў мінулым футбалісты.

Сёньня ў турніры гулялі восем каманд: АГП, Партыі БНФ, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускай партыі «Зялёныя», руху «Беларускі рух», руху «За Свабоду», сацыял-дэмакратаў і аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларускія хрысьціянскія дэмакраты».

Правядзеньне турніру будзе працягнутае і ў наступным годзе. «Мне гэта ўсё падабаецца. Многія турнірам цікавяцца», — сказаў Лябедзька.

Турнір «Кубак Свабоды» праводзіцца з 1997 году. Спаборніцтвы былі прымеркаваныя да прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь, і ў іх актыўна ўдзельнічаў сам Генадзь Карпенка. Пасьля сьмерці палітыка, які быў намесьнікам старшыні АГП, турнір назвалі яго імем.

Генадзь Карпенка памёр 6 красавіка 1999 году ў веку 49 гадоў праз тыдзень пасьля таго, як перанёс інсульт. Раптоўная сьмерць апазыцыйнага палітыка выклікала шмат пытаньняў, якія дагэтуль застаюцца без адказу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG