Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль 100 краін прапануюць адмовіцца ад вэта ў Радзе Бясьпекі ААН


Амаль 100 дзяржаваў падтрымалі ініцыятыву аб добраахвотнай адмове пастаянных членаў Рады Бясьпекі ААН ад выкарыстаньня права вэта пры разглядзе дзеяньняў у адказ на генацыд і іншыя шырокамаштабныя злачынствы.

Тэма вэта — адно з самых вострых пытаньняў рэфармаваньня арганізацыі — абмяркоўваецца з падачы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Расея — «рэкардсмэн» у вэтаваньні рэзалюцыяў Рады бясьпекі, у чэрвені 2015 году яна зрабіла гэта двойчы, упершыню за 18 гадоў працы органу. У адной з прапанаваных рэзалюцый ішла размова аб стварэньні трыбуналу ў справе крушэньня малайзійскага «Боінга» на Данбасе.

Ініцыятыву добраахвотнай адмовы ад вэта вылучылі Францыя і Мэксыка. Абмеркаваньне прайшло ў пятніцу. Пра яго вынікі журналістам распавёў дзяржаўны сакратар пры міністры ў справах Эўропы і замежных справаў Францыі Жан-Батыст Лемуан.

«Амаль 100 краінаў падтрымліваюць гэтую ініцыятыву. Гэта азначае, што больш за палову дзяржаваў — удзельніц ААН разумеюць, наколькі яна выгадная», — сказаў дыплямат. Паводле яго, прапанова Францыі «надзвычай актуальная», бо «няма ніякіх гарантый, што мы не сутыкнемся з новымі трагедыямі, падобнымі да тых, што мы нядаўна бачылі на працягу доўгіх гадоў вайны ў Сырыі».

Ён нагадаў, што пры падтрымцы Францыі ў Радзе Бясьпекі на галасаваньне выносіліся некалькі рэзалюцыяў па сырыйскай тэматыцы, аднак усе праваліліся праз «сэрыі вэта» з боку Расеі і Кітаю. Лемуан падкрэсьліў, што гэта добраахвотнае самаабмежаваньне, і мяняць Статут ААН для гэтага ня трэба. «Вэта — гэта няправа або прывілей, а адказнасьць», — падкрэсьліў ён.

Тэма вэта застаецца адной з самых вострых у абмеркаваньні рэформы Рады Бясьпекі ААН. Расея неаднаразова заяўляла, што для яе непрымальныя любыя ідэі, якія вядуць да абмежаваньня права вэта, якое маюць пяць сталых членаў Рады — Расея, Вялікабрытанія, Кітай, ЗША і Францыя. Традыцыйна супраць адмены выступаюць Расея і Кітай. ЗША адмаўляліся далучацца да ААН бяз права вэта, але апошнім часам ім не карыстаюцца. У Лёндане і Парыжы дапускаюць магчымасьць добраахвотнай адмовы ад права вэта ў выпадках, калі патрабуюцца тэрміновыя захады для спыненьня масавых злачынстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG