Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Таджыкістане ўлады канфіскавалі вясельныя пачастункі і аддалі іх у псыхбальніцу


Ілюстрацыйнае фота.

Літаральна за некалькі гадзін да вясельнай імпрэзы старэйшай дачкі Зайдулы Худаерава ў яго дом на ўскрайку гораду Куляб прыйшла група таджыкскіх чыноўнікаў і канфіскавала большую частку прыгатаваных для ўрачыстасьці пачастункаў.

Прадстаўнікі ўлады палічылі, што колькасьць прыгатаваных для сьвята страў — «марнатраўства» і парушае закон, які абмяжоўвае выдаткі грамадзян на вясельлі, пахаваньні і іншыя мерапрыемствы.

«Падчас рэйду мы ўсталявалі, што сямʼя напякла марнатраўна шмат ежы, да прыкладу, спэцыяльныя праснакі і халву для банкету ў хаце жаніха. Мы канфіскавалі ежу і перадалі яе ў псыхіятрычны шпіталь у Куляб», — распавёў удзельнік рэйду Халмурад Ібрахімаў.

44-гадовы бацька семярых дзяцей Зайдула Худаераў кажа, што прасіў сваю жонку і сваячак не рыхтаваць пачастункаў, якія паводле мясцовага звычаю сямʼя нявесты перадае ў дом жаніха напярэдадні ўрачыстасьці.

Па словах Худаерава, яго радуе тое, што не прыйшлося выплачваць штраф за парушэньне закону.

Чаму ў Таджыкістане забароненыя пышныя сьвяты

Закон «Аб упарадкаваньні традыцый, урачыстасьцяў і абрадаў» прынялі ў 2007 годзе, адразу пасьля таго, як прэзыдэнт Эмамалі Рахмон заявіў, што выдаткі на традыцыйна пышнае правядзеньне вясельных урачыстасьцяў і пахаваньняў становяцца фінансавым цяжарам для семʼяў беднай цэнтральнаазіяцкай краіны.

Што абмежавана законам:

пышныя дні нараджэньня, карпаратыўныя вечары, балі ў школах, вясельлі, банкеты, пахаваньні.

Закон абмяжоўвае:

колькасьць запрошаных (напрыклад, на вясельле ў рэстаран можна запрасіць ня больш за 150 гасьцей), колькасьць страў на стале, аўтамабіляў у картэжы, працягласьць урачыстасьці (ня больш за 3 гадзіны), час правядзеньня сьвята (пасьля 18.00).

Цяпер за «празьмерна пышныя» сьвяткаваньні належыць штраф каля 3 тысяч даляраў у эквіваленце. Паўторнае парушэньне абыдзецца прыкладна ў $ 3,4 тысячы. Чыноўнікаў за парушэньне закону чакае звальненьне.

Ва ўрадзе краіны сьцьвярджаюць, што такая высокая сума штрафу адпудзіць ад парушэньня закону — тут зарплата бюджэтнікаў складае каля ^$ 150 у месяц. У канцы жніўня сёлета парлямэнт Таджыкістану ўхваліў папраўкі ва ўжо існуючы закон, якія прадугледжваюць новыя абмежаваньні і забароны.

Паводле зьменаў, чыноўнікі могуць быць зьнятыя з пасады, калі яны ці іх бліжэйшыя сваякі парушаць патрабаваньні гэтага закону.

Паводле паправак, цяпер у краіне забароненыя:

шэсьць абрадаў: заручыны, запрашэньне маці, запрашэньне бацькі жаніха ў дом нявесты для знаёмства пасьля заканчэньня ўсіх урачыстасьцяў, зьняцьце пакрывала, віншаваньне, перашкода шляху;

пышныя сьвяты з нагоды першай стрыжкі дзіцяці;

абразаньне нованароджаных хлопчыкаў (замест гэтага семʼям прапануецца адкрываць банкаўскія рахункі для сваіх дзяцей і расходаваць грошы на адукацыю і разьвіцьцё, дазволена запрашаць максымум 60 чалавек);

з нагоды «сёмага дня», «паўгодзьдзя» зь дня сьмерці (гэтыя імпрэзы павінны праводзіцца без стала са стравамі і без забою жывёлы).

Прэзыдэнт загадаў мясцовым чыноўнікам растлумачыць народу закон і распаўсюдзіць яго копіі кожнай сямʼі.

Каго і за што ўжо пакаралі ў Таджыкістане

За перавышэньне колькасьці чалавек на вясельлі:

У верасьні ў Таджыкістане распачалі адміністрацыйную справу супраць дзяржаўнага служачага і яго свата, якія, на думку супрацоўнікаў антыкарупцыйнага ведамства, не прытрымліваліся правілаў правядзеньня вясельных урачыстасьцяў.

Сайфідзін Назарзада запрасіў на вясельле свайго сына ў сталічны рэстаран болей за 300 гасьцей, нягледзячы на тое, што па законе колькасьць гасьцей не павінна перавышаць 150 чалавек.

Дзяржаўны служачы зьдзіўляўся, што супрацоўнікі антыкарупцыйнага ведамства без запрашэньня зайшлі ў рэстаран, елі плоў і адначасова здымалі гасьцей на відэакамэру. Паводле яго, яны наўмысна здымалі некаторых гасьцей па некалькі разоў, каб потым абвінаваціць яго ў парушэньні закона. Супрацоўнікі Агенцтва па фінансаваму кантролю і барацьбе з карупцыяй у судзе заявілі, што яны нават не дакрануліся да ежы.

Праз тыдзень пасьля тэлерэпартажу Назарзаду звольнілі з займаемай пасады. Калі віна экс-дырэктара бібліятэкі будзе даказаная ў судзе, то яму пагражае выплата штрафу ў памеры каля ^$ 3 тысяч.

За торт на дзень нараджэньня ў кавярні:

У верасьні 2015 году Амір Ісаеў на свой дзень нараджэньня зь сябрамі зьеў торт у кавярні. За што яму прызначылі штраф, які перавышае яго выдаткі на сьвята ў 80 разоў.

«Нас сабралася дзесьці 13 чалавек, у агульным мы заплацілі 540 самоні. У судзе запатрабавалі каля ^$ 600», — паведаміў Амір.

XS
SM
MD
LG