Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мэркель — дачка Гітлера». Сакавітыя фэйкі перад выбарамі ў Нямеччыне


У штотыднёвым ФэйкАглядзе тыдня мы сабралі тры фэйкі, якімі жыла расейская прапаганда (і ня толькі) на гэтым тыдні. Магчыма вы таксама ў гэта верылі.

24 верасьня ў Нямеччыне адбудуцца парлямэнцкія выбары. Ужо ў студзені рабочая група стратэгічных камунікацыяў з Усходняй Эўропай East Stratcom Task Force паведамляла, што прыкметна павялічылася колькасьць фэйкавых артыкулаў пра Нямеччыну ў пракрамлёўскіх СМІ.

Актыўнасьць ботаў ў сацыяльных сетках перамясьцілася з Трампа на канцлера Ангелу Мэркель. Служба па барацьбе з фэйкамі склала сьпіс улюбёных тэмаў пракрамлёўскай дэзынфармацыі:

— Крызыс уцекачоў (напрыклад «Прыбыцьцё ўцекачоў у Нямеччыну плянавалася ЗША з намерам зьмяніць нямецкі мэнталітэт і ператварыць немцаў у лібэралаў і касмапалітаў»);

— У Нямеччыне, нібыта, адраджаецца нацызм. Сярод заяваў былі словы «Нямеччына ўносіць свой уклад у справу прысутнасьці NATO ў Балтыйскіх краінах, каб напасьці на Ленінград» (Так, менавіта Ленінград) або «Урад Нямеччыны падтрымлівае нэанацызм ва Ўкраіне»;

— У Нямеччыне няма свабоды слова;

— Немцы дрэнна абыходзяцца зь дзецьмі.

Ангела Мэркель стала асобнай мішэньню для такіх «качак», як «Ангела Мэркель — дачка Адольфа Гітлера» і «Мэркэль — фюрэр Чацьвёртага рэйху», якія гулялі па расейскіх СМІ некалькі гадоў таму, а цяпер зноў вярнуліся.

45% украінцаў працуюць за мяжой, у краіне — рэкорднае беспрацоўе

Расейскі тэлеканал «Звезда» распаўсюдзіў фэйкавую заяву аб тым, што «практычна 45% украінцаў працуюць за яе межамі». «Звезда» цытуе словы сябра камітэту Савету Фэдэрацыі па абароне і бясьпецы Вольгі Кавітыдзі.

У Дзяржаўнай службе занятасьці Ўкраіны і Міністэрстве замежных справаў Украіны кажуць, што паводле стану на пачатак 2017 году за мяжой працавала каля 5 мільёнаў украінцаў.

Нятлустая хлусьня

А цяпер пра нашы непалітычныя ілюзіі. Гадамі нас дзяўблі за тое, што мы ямо скваркі, яйкі, сыр. Але адна з самых цікавых навінаў Эўрапейскай асацыяцыі кардыёлягаў, што сярод людзей, якія прытрымліваюцца нізкатлушчавай дыеты, узровень сьмяротнасьці вышэйшы.

Вялікае навуковае дасьледаваньне паказала, што людзі, якія трымаюцца нізкатлушчавай дыеты маюць на 25% большы шанец заўчасна памерці, у тым ліку ад сардэчнага прыступу і раку, чым людзі, што ядуць тлустую ежу. Шмат гадоў мы жылі зь вераю ў няпраўду.

Ці ведалі вы, што ...

Стварэньне ботнэту — сеткі аўтаматызаваных акаўнтаў у сацыяльных сетках для распаўсюджваньня дэзынфармацыі — даволі таннае. Некалькі сотняў даляраў ЗША — менавіта столькі каштуе стварэньне арміі ботаў ў Twitter.

Расьсьледаваньне, праведзенае выданьнем The Daily Beast, выявіла, што на расейскамоўных сайтах ўсяго за 45 даляраў можна купіць тысячу акаўнтаў Twitter. Каб ператварыць гэтыя акаўнты ў паўнавартасны ботнэт, іх уладальнікам патрэбныя проксі-сэрвэры. Гэта сетка сэрвэраў для адначасовага кіраваньня твітамі, якая дазваляе пры гэтым пазьбегнуць блякіроўкі з боку Twitter.

Згодна з The Daily Beast, нелегальны расейскі сайт прапануе 25-45 тыс. проксі-сэрвэраў усяго за 100 даляраў на тыдзень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG