Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладыя навукоўцы пра Курапаты як месца памяці: 5 тэзісаў


Маладыя дасьледчыкі Аляксей Зянько, Кірыл Мальцаў, Натальля Агарэлышава, Вікторыя Лапанік, Алена Мезенцава ў межах школы «Гарадзкія грамадзкія прасторы: устойлівае разьвіцьцё» у Лятучым ўнівэрсытэце прэзэнтавалі грунтоўнае навуковае дасьледаваньне месца памяці Курапаты і інтэрактыўную мапу, створаную па яго выніках.

Асноўныя высновы дасьледаваньня «Курапаты як грамадзкая прастора і месца памяці»:

1. «Манаполія на памяць» адкрывае магчымасьць для «прыватызацыі» дзяржавай

«Асноўныя дыскурсы, у якіх асэнсоўваюцца Курапаты, недастаткова ўстойлівыя, бо могуць быць разбураныя адкрыцьцём новых фактаў ці непрыняцьцем і неразуменьнем гэтых дыскурсаў новымі пакаленьнямі... Каб тэма Курапатаў заставалася актуальнай і важнай для грамадзтва..., павінна існаваць магчымасьць даданьня да Курапатаў новых сэнсаў і трансфармацыі існуючых дыскурсаў. А новыя сэнсы могуць быць прынесеныя новымі дзеючымі суб’ектамі, але сёньня прастора Курапатаў непрывабная для іх, бо здаецца прыватызаванай і палітызаванай. Сёньняшнія асноўныя ўдзельнікі хутчэй накіраваны на працяг цяперашніх практык і стасункаў. Сытуацыя пэўнай «манаполіі на памяць» не дазваляе разьвівацца новым сэнсам, прынесеным іншымі групамі, і быць памяці больш зразумелай новым пакаленьням. І адначасова адкрывае магчымасьць для «прыватызацыі» дзяржавай гэтага месца, яго кансэрвацыі і паступовага забыцьця, лічаць дасьледчыкі.

2. Недаступнасьць поўнай інфармацыі пра Курапаты прыводзіць да недаперажытасьці траўмы і ня зробленага пакаяньня

«Адной з найбольшых праблем для разьвіцьця Курапатаў зьяўляецца недаступнасьць поўнай інфармацыі, што прыводзіць да недахопу фактаў і ведаў, якія маглі б спрыяць зьяўленьню новых сэнсаў і практык, а таксама да недаасэнсэнсаванасьці нашага гістарычнага мінулага, „недаперажытасьці“ траўмы, ня зробленага пакаяньня. Такім чынам Курапаты зьяўляюцца ня толькі знакавым гістарычным месцам, але і месцам-сымбалем недавырашаных праблемаў з памяцьцю», мяркуюць навукоўцы.

3. Новыя групы могуць прыйсьці ў Курапаты, калі зьнікне ўражаньне прыватызаванасьці гэтага месца

Паводле маладых дасьледчыкаў, новыя групы памяці могуць прыйсьці ў Курапаты, калі зьнікне ўражаньне прыватызаванасьці гэтага месца іншымі групамі, будзе выяўлена і распаўсюджана болей інфармацыі пра Курапаты, будзе наладжана ўстойлівая камунікацыя паміж групамі, прысутнымі ў Курапатах і тымі, каго там яшчэ няма.

4. Фэномэн рэальнай грамадзкай прасторы

«Курапаты зьяўляюцца ўнікальным фэномэнам рэальнай грамадзкай прасторы вакол месца памяці, якая жыве і разьвіваецца менавіта як вынік грамадзкага дзеяньня. Гэты ўнікальны фэномэн і досьвед зьяўляюцца самі па сабе каштоўным матэрыялам у кантэксьце разьвіцца гарадзкіх прастораў, права на горад, разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці. Гэтая практыка ня можа і не павінна стаць ахвярай добраўпарадкаваньня ці зьнікнуць у забыцьці», мяркуюць дасьледчыкі.

5. Разьвіцьцё Курапатаў залежыць ад камунікацыі актывістаў, палітыкаў, навукоўцаў і інаватараў

«Разьвіцьцё Курапатаў як месца памяці і публічнай прасторы патрабуе пашырэньня ўстойлівай камунікацыі паміж найбольш масава прадстаўленымі групамі суб’ектаў (актывісты, палітыкі) і тымі, хто валодае пэўным вопытам, ведамі, навыкамі, рэсурсамі, уключаючы тых суб’ектаў, хто пакуль не прадстаўлены ў Курапатах (інаватары зь іншых абласьцей дзейнасьці), а таксама пашырэньнем і паглыбленьнем прафэсійнай дзейнасьці вакол Курапатаў — дасьледаваньняў, папулярызацыі і г.д.

***

Дасьледчыкі апыталі сотні людзей, якія наўпрост ці ўскосным чынам займаюцца Курапатамі, а таксама тых, хто мае ідэі па разьвіцьці гэтага месца — грамадзкіх актывістаў, якія стала займаюцца Курапатамі, спэцыялістаў па ахове помнікаў гісторыі і культуры, дзеячаў мастацтва, якія прысьвяцілі свае творы Курапатам, прадстаўнікоў дзяржаўных структураў, якія маюць дачыненьне да Курапатаў, прадстаўнікі цэркваў, якія праводзяць службы ў Курапатах, прадстаўнікоў замежных дзяржаў, якія наведваюць Курапаты, прадзяржаўных экспэртаў, меркаваньне якіх трансьлюецца афіцыйнымі СМІ, прадстаўнікоў СМІ, якія маюць спэцыяльныя праекты пра Курапаты, палітыкаў, якія ладзяць акцыі ў Курапатах, спэцыялістаў у гарадзкім плянаваньні, гісторыкаў, сацыёлягаў і культуролягаў, урбаністаў, эколягаў і «зялёных» актывістаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG