Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст пад сьцягам Берасьця адстаяў у судзе права інфармаваць грамадзтва


Віталь Казак разгортвае сьцяг каля Берасьцейскага гарвыканкаму

Маскоўскі суд Берасьця апраўдаў Віталя Казака, якога судзілі за пікет. Падсудны даводзіў, што толькі інфармаваў грамадзян. У судовым перапынку актывіст схадзіў у гарвыканкам, каб даведацца, чаму яго судзяць.

Берасьцейскі грамадзкі актывіст шмат гадоў дапамагае грамадзянам у добраўпарадкаваньні двароў, вядзе ліставаньне з уладамі. Атрымаўшы ад чыноўнікаў адказы, прыходзіць пад пад’езды і зачытвае іх людзям.

Акурат за адно з такіх інфармаваньняў на яго склалі пратакол за «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства». Маўляў, Віталь Казак без узгадненьня ладзіў пікет.

Віталь Казак (справа) у судзе
Віталь Казак (справа) у судзе

На судзе абвінавачаны даводзіў, што ніякага пікету не рабіў, а толькі зачытваў жыхарам адказы чыноўнікаў. Да матэрыялаў справы ён прыклаў і тэкст звароту, дзе напісана, што ён прызначаны «для інфармаваньня».

У судовым перапынку Віталь Казак, разгарнуўшы сьцяг Берасьця, пайшоў на прыём у гарвыканкам, дзе задаў чыноўнікам пытаньне: на якой падставе яго судзяць? Атрымліваецца, што за адказы ўладаў жыхарам гораду?

Некалькі чалавек пайшлі з актывістам на прыём да чыноўнікаў
Некалькі чалавек пайшлі з актывістам на прыём да чыноўнікаў

Чыноўнікі запэўнілі, што яны тут ні пры чым, і абмеркавалі з актывістам пытаньні, якія ён уздымае ў сваіх зваротах.

22 верасьня суд за «несанкцыянаваны пікет» працягнуўся, Віталя Казака апраўдалі. Суд пагадзіўся, што актывіст ладзіў не пікетаваньне, а інфармаваньне грамадзянаў.​

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG