Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп пашырыў санкцыі супраць Паўночнай Карэі


Дональд Трамп, 20 верасьня 2017

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што падпісаў распараджэньне, якое дазволіць Злучаным Штатам пашыраць санкцыі ў дачыненьні да Паўночнай Карэі.

Пра гэта сам Трамп паведаміў на брыфінгу перад абедам з прэзыдэнтам Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Інам і прэм’ер-міністрам Японіі Сіндза Абэ, перадае Reuters.

Паводле Трампа, новыя санкцыі закрануць тэкстыльную прамысловасьць, рыбалоўства, інфармацыйныя тэхналёгіі і апрацоўчую прамысловасьць. Акрамя таго, указ дае права амэрыканскаму міністэрству фінансаў ўжываць санкцыі супраць любога банка, які працуе з КНДР. Пры гэтым Трамп ня выключыў магчымасьці наладжваньня дыялёгу з Пхеньянам.

Раней стала вядома, што Цэнтральны банк Кітаю забараніў сваім банкам надаваць фінансавыя паслугі новым паўночнакарэйскім кліентам і пастанавіў прыпыніць дзейныя крэдыты. Дакумэнт патрабуе ад усіх банкаў цалкам выканаць санкцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый супраць Паўночнай Карэі і папярэджвае аб эканамічных стратах і рызыцы страты рэпутацыі для банкаў, якія ня выканаюць гэтыя патрабаваньні.

Напружанасьць паміж ЗША і Паўночнай Карэяй ўзмацнілася пасьля шостага ядзернага выпрабаваньня, праведзенага Пхеньянам 3 верасьня. Гэта вымусіла Раду Бясьпекі ААН увесьці дадатковыя санкцыі супраць КНДР.

XS
SM
MD
LG